Кветкі для радасці і асалоды

Кругозор

Звычайна, любуючыся кветкамі на клумбах, што надаюць прывабнасць вуліцы нашага горада, мы нават не задумваемся, якая напружаная і складаная праца стаіць за гэтай прыгажосцю. А калі хтосьці і засяродзіць увагу, то хутчэй за ўсё ўявіць вялікі калектыў, што нясе адказнасць за падобную дзейнасць.

На самай справе брыгада кветкаводаў зусім не вялікая. Пад кіраўніцтвам майстра па добраўпарадкаванні Таццяны Іванаўны Кузянковай шчыруюць у спецыялізаванай цяпліцы, даглядаюць клумбы і кашпо кветкаводы Вікторыя Мікалаеўна Матус, Таццяна Сяргееўна Качалка, Наталля  Сяргееўна Кавалёва. У гарачы час, калі вядзецца высадка кветак, ім дапамагае Святлана Вацлаваўна Сергіевіч і іншыя супрацоўнікі.

Сёлета працаўніцы вырасцілі 45 тысяч адзінак петуніі, сальвіі, бягоніі, агератума, ільвінага зеву, герані, аксамітак і іншых кветак. Высаджваць іх пачалі яшчэ ў перыяд падрыхтоўкі да святкавання Дня Перамогі. Зараз работа працягваецца. Нягледзячы на дажджы, клапатлівыя жанчыны – штодня на аб’ектах, дзе прыкладваюць намаганні па іх добраўпарадкаванні. Дарэчы, як адзначыла кіраўнік, вільготнае надвор’е – самае лепшае для падобнай працы.

Яшчэ ў цяпліцы пры пікіроўцы кветкі добра “падкармілі”, таму ёсць надзея, што прыжывуцца яны хутка і на працягу доўгага перыяду будуць дарыць жыхарам горада эстэтычную асалоду. У адказных і працавітых людзей да валожынцаў толькі адна просьба: не псаваць і не забруджваць месцы, створаныя дзеля агульнай радасці.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара