Самалёт з 300 тыс. доз вакцыны супраць COVID-19 вылецеў з Пекіна ў Беларусь

COVID-19

З Кітая ў Беларусь 18 мая накіравана чарговая партыя вакцыны супраць COVID-19 вытворчасці карпарацыі «Сінафарм». Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў пасольстве нашай краіны ў Пекіне.

«Аб’ём прадастаўленай Кітаем бязвыплатнай дапамогі — 300 тыс. доз. Дастаўка ажыццяўляецца самалётам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, — расказалі ў дыпламатычнай місіі. — Дзякуючы зладжанай рабоце міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Кітая, пасольстваў дзвюх краін, Міністэрства аховы здароўя Беларусі, Дзяржаўнага агенцтва КНР па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве, карпарацыі «Сінафарм» і іншых ведамстваў забяспечана фарміраванне партыі вакцыны».

З удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Юрыя Сянько 16 мая было арганізавана падпісанне акта прыёму-перадачы.

Разам з вакцынай кітайскі бок таксама камплектна перадаў 300 800 шпрыцаў. У беларускім пасольстве падкрэслілі, што вакцына карпарацыі «Сінафарм» ужо даказала сваю эфектыўнасць. 7 мая 2021 года яна адобрана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя для экстраннага выкарыстання. «Гэта першы кітайскі прэпарат, класіфікаваны СААЗ як бяспечны і эфектыўны», — дадалі ў беларускім пасольстве ў Пекіне.