Філасофія пазітыву: шчасце – яно ў дадзены момант

Люди и судьбы

 

Лёгкі чалавек… Напэўна большасць з тых, хто ведае жыхара Валожына Мікалая Уладзіміравіча ХВЯДЧЭНЮ, не аднойчы дазвалялі сабе такое сцвярджэнне ў яго адрас. І гэта незважаючы на даволі карпулентны вобраз нашага сённяшняга госця. Але добрыя вочы, прыемная ўсмешка, гатоўнасць да шчырай размовы, уменне трапна і дарэчы пажартаваць ствараюць вакол паважанага чалавека аўру такой абаяльнасці, што любыя (сяброўскія, прафесійныя, дзелавыя) зносіны з ім становяцца камфортнымі, а на душы ўзнікае адчуванне неверагоднай лёгкасці.

Напярэдадні прыгожай юбілейнай даты мне давялося ўгаварыць старога знаёмага адказаць на некалькі пытанняў і заручыцца яго згодай на публікацыю вынікаў нашай гутаркі.

–  Мікалай Уладзіміравіч, прыміце віншаванні з нагоды Дня нараджэння ад калектыву “Працоўнай славы”. Шчыра жадаем ніколі не страчваць юначы запал  і пазітыў.

 – Дзякуй ад усёй душы. Буду вельмі старацца, хоць лічба 60 трошкі, як зараз кажуць, напружвае.

– Узрост – для Вас складаная тэма?

– Увогуле не. Я з кожным са сваіх дзесяцігоддзяў ужываўся даволі мірна. Тут галоўнае – часцей кантактаваць прыкладна са сваімі равеснікамі. Ці з дзецьмі. Побач з сябрамі – я такі ж, даруйце за слэнг, хлапчук, што і паўвека таму. Таксама і з любімым унукам Мікалаем, якому зараз восем. Вось дзе дружа! А пасля спрэчак на розныя тэмы з васямнаццацігадовай унучкай часта ўзнікае ўражанне, быццам мы не толькі прадстаўнікі розных пакаленняў, але і жыхары розных планет.

– Гэты факт засмучае?

 – Не. Таму, што ён не добры і не дрэнны. Гэта праўда жыцця. Бацькі  і дзеці… Супярэчнасць вечная як свет… Таму я стараюся хаця б рабіць выгляд, што з моладдзю на адной хвалі. На іх давіць, навязваць уласнае светаўспрыманне, нельга. Яны, як і кожнае наступнае пакаленне, для чалавецтва – крок наперад. Гэткімі занадта сучаснымі для дзядуляў і бабуль былі і мы. Дарэчы, я ўнучку займеў у 41 год. Першым часам, калі чуў дома фразу “Ідзі да дзеда”, абарочваўся і шукаў таго дзеда. Зараз, калі ўнукаў пяцёра, прывык. Успрымаю гэты свой статус як тытул ці нават ганаровае званне.

– Вы заўсёды здаваліся мне выключным аптымістам…

 – Так і ёсць! З аднаго боку жыццё – справа цяжкая. Як ні круці, а ад яе паміраюць. З іншага – памятаеце яшчэ герой Віцына ў Гайдаеўскай камедыі сцвярджаў: “Жыць, як кажуць, добра!”, а другі ўдакладняў: “А добра жыць –  яшчэ лепш!” Не цярплю тых, хто ўвесь час ныццём атручвае ўласнае існаванне і замінае атрымліваць асалоду ад кожнага дня блізкім. Ясна, што жыццёвы цыкл ва ўсіх аднолькавы і ніхто не вечны, але навошта напружваць сябе змрочнымі разважаннямі. Таму Вы заўважылі правільна. Я аптыміст, і мая шклянка заўсёды напалавіну поўная.

 – Характар Мікалая Хвядчэні – гэта спадчыннасць, вынік выхавання ці праца над сабой?

 – Усяго патроху. Маці і бацька былі цудоўнымі людзьмі. Іх продкі (некаторых помню, пра іншых толькі чуў) – таксама. Думаю, з генетыкай у мяне ўсё нядрэнна. Выхаванне… У той час столькі ўвагі дзецям не ўдзялялі. А працаваць вучылі і дома, і ў школе. Я вырас на Брэстчыне, у Бярозаўскім раёне. Сям’я была шматдзетнай. Жылі хоць і не багата, але годна. Вучыцца, дасягаць нейкіх вышынь ніхто не прымушаў. Але матывацыю стварала ўласнае жаданне не быць горшым за іншых.

– Малая радзіма назаўсёды ў сэрцы?

– У снах краявіды месцаў, дзе рос, бачу часта. Гэта прыгожа і шчымліва. Але я ўжо і душой, і целам – валожынец.

– Як сталася, што лёс закінуў на нашы шыроты?

– Кар’ерныя пытанні. Быў малады, хацелася пэўнага руху. Пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута атрымаў размеркаванне ў Клецк. Там пяць гадоў працаваў у дарожнай арганізацыі. У 1988 годзе з пасады галоўнага інжынера мяне накіравалі ў Валожын, дзе даверылі ўзначаліць калектыў ДРБУ № 167. На гэтай пасадзе адпрацаваў 25 з палавінай гадоў. Зараз ужо пяты год – намеснік дырэктара. Упэўнены: мне моцна пашанцавала. Кожны крок мой суправаджалі выключныя асобы, ад якіх вучыўся працаваць, кіраваць, быць чалавекам. Мне многае дало знаёмства з такімі кіраўнікамі, як Валянцін Іванавіч Малішэўскі, Анатолій Мікалаевіч Кулак, Сяргей Сяргеевіч Маляўскі, Уладзімір Іванавіч Глябовіч, Мікалай Васільевіч Ракавец, і іншымі разумнымі людзьмі. А наш выключна дружны калектыў стаў сапраўднай сям’ёй. Кіруе намі, дарэчы, малады, інтэлігентны і вельмі граматны дырэктар. Ганаруся, што менавіта я калісьці Уладзіміра Міхайлавіча Саевіча прыняў на работу.  Бычыце – не памыліўся.

– Будаваць і рамантаваць дарогі – праца напружаная, складаная. Чаму абралі такую спецыяльнасць?

– Мой бацька – чыгуначнік. Помню яго як выключна працавітага чалавека, адданага сваёй прафесіі. Ён вельмі хацеў, каб сыны (нас трое братоў) і дачка мелі добры жыццёвы падмурак у выглядзе запатрабаванай прафесіі. Мне раіў паступаць у інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Я нават разглядаў такі варыянт. Аднак папярэдне зазірнуў у БПІ, дзе даведаўся пра магчымасць вывучыцца на інжынера-дарожніка. Не ведаю чаму, але ідэя захапіла. Ніколі не шкадаваў пра тое рашэнне. Што называецца, трапіў у “дзясятку”.

– Ваш уклад у развіццё галіны ацэнены добра. За многія гады сабралі мноства ўзнагарод…

– Вялікай увагі не надаю, аднак прыемна. Асабліва ганаруся тым, што маю знакі “Ганаровы транспартнік” і “Ганаровы дарожнік” 1-й і 2-й ступеняў. Асобная веха ў грамадскай дзейнасці і перыяд, калі быў (двойчы) дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў.

 – Таццяна Ігнацьеўна – Ваша верная спадарожніца жыцця – мае тую ж прафесію, але адышла ад яе. Знайшла сябе ў сацыяльнай сферы. А дзеці, хоць у нейкай ступені, зацікавіліся дарожнай галіной?

– Дачка працуе ў сістэме. Адукацыю мае эканамічную. У сына ж нават дыплом, як у мяне. Адзін і той жа факультэт! Хоць яго прафесійны шлях складваецца інакш, тым не менш ён – у прафесіі.

– Удача, шанц. Гэтыя паняцці для Вас штосьці значаць?

– А як жа! Праз усё жыццё з 19-гадовага ўзросту побач са мной самая лепшая, добрая, разумная, шчырая жанчына – мая жонка. Са сваёй Ігнацьеўнай пазнаёміўся яшчэ на першым курсе ВНУ. Мы – аднагрупнікі. Не паспелі пазнаёміцца, як нас накрыла каханне. Як высветлілася, сапраўднае. Маю напэўна права на такое сцвярджэння, бо ў мінулым годзе адзначылі 40-гадовы юбілей шлюбу. Я не схільны хваліцца, аднак з чыстым сумленнем сцвярджаю: пара мы добрая.

– У чым сакрэт сямейнай гармоніі?

– Я ж кажу, пашанцавала. Жартую, зразумела. На самай справе сям’я – бясконцая праца. У першую чаргу над сабой. Паважаць трэба сябе і таго, хто побач. Немалаважным лічу трапяткія адносіны да асабістай прасторы. Я люблю калі-нікалі пабыць у адзіноце. Жонка – таксама. Напрыклад, я – у пакоі ці на прысядзібным участку, яна – на кухні. Кожны займаецца сваёй справай, ніхто нікому не замінае. Адбываецца нешта накшталт перазагрузкі. І вось мы ўжо (часта адначасова) імкнёмся адзін да аднаго. Пачынаем штосьці рабіць разам, вячэраем, размаўляем, смяёмся. І нам так добра, так спакойна і ўтульна!

– Пачуццё гумару дапамагае і ў радасці, і пры сустрэчах з праблемамі?

– А як жа! Жарты – частка маёй натуры. Люблю добры, абавязкова не крыўдны розыгрыш, трапны анекдот. Нават літаратараў паважаю тых, хто мог паказаць праўду жыцця і праз сур’ёзныя рэчы, і праз прызму сатыры.

– Што можна знайсці ў Вашай асабістай бібліятэцы?

– Літаральна на памяць ведаю большасць апавяданняў Чэхава. У захапленні ад Гогаля. Здымаю капялюш перад Шукшыным. Не ўяўляю жыцця без знаёмства з героямі Ільфа і Пятрова. Іх “12 крэслаў” ці “Залатое цяля” – як своеасаблівы дэсерт для маёй душы. З беларускіх класікаў аддаю перавагу Уладзіміру Караткевічу – вось хто ўмеў спалучыць у адным творы і гістарычныя факты, і суровую праўду, і іскрысты гумар. Калі працягваць тэму літаратуры, не магу не ўзгадаць Васіля Быкава. Канешне, з яго творамі не да смеху. Толькі мне часам здаецца: каб кожны чалавек па-сапраўднаму іх прааналізаваў, войнаў бы ніхто не распачынаў.

– Ведаю, захапляецеся гісторыяй. Мы нават аднойчы высветлілі, што маем схільнасць да аднаго і таго ж перыяду – між дзвюх сусветных войнаў…

– Гэта так. Пераломныя моманты заўсёды цікавыя. Узяць хаця б Пятроўскія новаўвядзенні ці Сталыпінскую рэформу… Колькі наконт іх меркаванняў! Кожнае мне здаецца цікавым і дазваляе сфарміраваць уласнае стаўленне. Хачу адзначыць, што людзей, якія аб чымсьці выказваюцца беспадстаўна, не паважаю. Лічу так: вывучы прадмет і толькі затым дазваляй сабе дэкламаваць думку.

– Бываеце катэгарычным?

– Даводзіцца. Але гэта часцей па рабоце. Ці ў дачыненні да нейкіх момантаў, звязаных з мараллю. Адназначна адмоўнае стаўленне да бяспечных, неадказных, нелюбячых бацькоў, якія не глядзяць сваіх дзяцей. І гультаёў проста не магу цярпець.

– Мы ўжо высветлілі, што любіце чытаць, а чым яшчэ наталяеце душу ў вольны ад клопатаў пра нашы дарогі час?

– Хоць апошнія гады далёкі ад ідэальнай фізічнай формы, сяброўства са спортам пранёс праз усё жыццё. Тут мы з братам Леанідам, што аддана служыць развіццю фізічнай культуры ў нашым раёне, падобныя. Таксама з задавальненнем займаюся хатнімі справамі. Гэты абавязак для мяне асабіста – сапраўдны рэлакс.

– Мне аднойчы давялося з Вамі танцаваць…

– О, гэта я люблю! У маладосці добра атрымлівалася. Хоць я і ніколі не быў моцна худым, спрыту хапала. Танцы – гэта і рух, і музыка, і пэўны настрой. Шкада, што зараз людзі рэдка сустракаюцца, рэдка спяваюць, танцуюць…

– Слова “шчасце” часта выкарыстоўваеце?

– Не. Не люблю гучныя заявы. Але зараз прызнаюся: лічу сябе шчаслівым. Аднойчы прачытаў словы Амара Хаяма “Будзьце шчаслівымі ў дадзены момант, бо менавіта ён і ёсць ваша жыццё” і добра задумаўся. Разумным быў персідскі філосаф. Усё, што было раней, – гісторыя, што магчыма давядзецца перажыць (а можа і не давядзецца?) – будучыня. І ў выніку “Есть только миг…”

– Думкі сам-насама… Яны часцей трывожныя ці прыемныя?

– Валянціна Іванаўна, мы, аптымісты, калі і бываем не ў добрым настроі, звычайна ў гэтым не прызнаёмся нават сабе. Таму, прэч трывога! Калі штосьці такое і мільгне, сілай волі ганю з галавы. Думкі, яны ж – матэрыяльныя. Мной праверана. Ніякага негатыву. Заклікаю ўсіх працаваць над уласным мысленнем. Абяцаю: усё будзе добра!

 – Мікалай Уладзіміравіч! З Вамі пагаворыш, быццам прышчэпку ад смутку зробіш. Дзякуй за прыемную сустрэчу, супрацоўніцтва і сяброўскія адносіны. Шыкоўнага юбілею! Заставайцеся здаровым. Няхай шчасце не пакідае Вас і дарагіх Вам людзей.

– Дзякуй! Росквіту нашай любімай раённай газеце!

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара