Свята творчасці

Культура Общество

 

Удзельнікі клуба “Натхненне” Дубінскога СЦК.

Упершыню ў раёне адбыўся фестываль аматарскіх аб’яднанняў ветэранаў працы і жаночых клубаў па інтарэсах сельскіх устаноў культуры клубнага тыпу “Душой заўсёды маладыя”.

Мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел шэсць калектываў, стала сапраўдным святам песні, весялосці, поспеху і радасці. У кожнага была магчымасць гучна заявіць пра сябе і падзяліцца ўласным творчым вопытам.

Майстар-клас па гатаванні багданаўскіх бульбешнікаў.

Ужо пры ўваходзе ў рэкрэацыйную залу раённага Цэнтра культуры было бачна, як старанна ўдзельнікі мерапрыемства падрыхтаваліся да творчага марафону. Вочы гасцей разбягаліся ад разнастайнасці вырабаў, прадстаўленых на імправізаваных выставах. А стол жаночага клуба аматараў беларускай кухні “Гаспадыня” Багданаўскага СЦК ламаўся ад мноства смачных традыцыйных народных страў.

Алена РЫСНІК праводзіць майстар-клас па вырабе кветак з офіснай паперы.

Адкрыў творчы марафон жаночы клуб “Гаспадынька” Сакаўшчынскага СЦК, дзе прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва аб’ядналіся разам на аснове агульных інтарэсаў і духоўных патрэб. Яны цікава і карысна бавяць час, дзеляцца сакрэтамі любімых заняткаў, ладзяць мерапрыемствы на самыя розныя і актуальныя тэмы. Самадзейныя артысты парадавалі прысутных песеннымі нумарамі з новага рэпертуару, а Алена Рыснік правяла майстар-клас па вырабе кветак з офіснай паперы.

Эстафету пераняў жаночы клуб “Натхненне” Дубінскога СЦК. Аграгарадок Дубіна, наогул, славіцца сваім асаблівым народным гумарам. Таму, зразумела, і выступленне калектыву было вясёлым, таленавітым і жыццярадасным. Госці свята з задавальненнем назіралі за гумарыстычнай дзеяй, што паказалі самадзейныя артысты, разам выканалі добра вядомыя і любімыя ўсімі песні.

Наступным пра сябе заявіў клуб пажылых людзей “Залаты ўзрост” Пугачоўскага СДК. Напрамкі іх дзейнасці вельмі разнастайныя. Удзельнікі любяць збірацца разам, успамінаць песні маладосці, праводзіць майстар-класы. У прысутных была магчымасць павучыцца вырабу папяровых трубачак і пляценню з іх.

З песняй ідуць па жыцці ўдзельніцы клуба жанчын – ветэранаў працы “Натхненне” Дорскага СДК. Валянціна Саўген прапанавала ўвазе гледачоў любімы твор свайго калектыву.

Ярка паказаў сябе жаночы клуб аматараў беларускай кухні “Гаспадыня” Багданаўскага СЦК. Яго выступленне было насычана прыпеўкамі, жартамі, гумарам. Гледачы дружна ўключыліся ў гульню “Што ў кашу пакласці?”, з цікавасцю назіралі за прыгатаваннем багданаўскіх бульбешнікаў, а потым з апетытам частаваліся гэтай і іншымі традыцыйнымі стравамі нашых продкаў.

Гасцей сустракае Таццяна ЧАСНОК – кіраўнік жаночага клуба “Восень”.

Удалай аказалася і справаздача жаночага клуба “Восень” Суднікаўскага СК, дэвіз якога “Жыцця мы радасць хочам адчуваць, цяпло яго ўсім людзям перадаць”. Члены клуба прапанавалі ўвазе прысутных валачобны абрад з песняй-услаўленнем “Хрыстос уваскрэс!”, а таксама гульню “Катанне яек па-суднікоўску”.

Незаўважна прайшоў час. Усе былі ў захапленні ад пачутага і ўбачанага.

На заканчэнне фестывалю дырэктар раённага Цэнтра культуры Алена Конаўка падзякавала кіраўнікам і членам калектываў за працу, цікавыя выступленні і ўручыла дыпломы ўдзельнікаў 1-га раённага фестывалю і памятныя падарункі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара