Прэм’ера ў кінатэатры

Культура Молодежный курьер Общество

Больш за 250 школьнікаў старэйшых класаў і ліцэісты, а таксама суправаджаючыя іх настаўнікі сталі аднымі з першых гледачоў новай беларуска-расійскай ваеннай драмы “Лёс дыверсанта”, заснаванай на рэальных падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Вобраз галоўнага героя Алеся Арловіча збіральны, але ў яго аснове лёс рэальнага чалавека – падпольшчыка Фёдара Крыловіча, які здзейсніў на чыгуначнай станцыі “Асіповічы” адну з самых буйных сухапутных дыверсій за гады вайны. У адзіночку ён знішчыў некалькі эшалонаў праціўніка з ваеннай тэхнікай, у прыватнасці, танкамі “Цігр” і “Пантэра”, а таксама з гаручым, пры гэтым застаўся жывым. Пасля вызвалення Беларусі ваяваў на фронце. Рэжысёр фільма – вядомы расійскі кінадзеяч Дзмітрый Астрахан. У фільма ёсць і тэлеверсія.

Перад пачаткам прэм’ернага сеанса ў кінатэатры “Юнацтва” з маладзёжнай аўдыторыяй сустрэўся выканаўца адной з роляў – старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў. Сумленна кажучы, такіх сустрэч у Валожыне не было даўно. Тым больш асабліва цікава было пазнаёміцца з акцёрам школьнікам, якія стаяць на парозе самастойнага жыцця. Яны змаглі пераканацца, што акцёры – такія ж звычайныя людзі, як і мы. Віктар Васільеў даволі часта здымаецца ў расійскіх серыялах. Многія ведаюць яго па ролі палкоўніка ў вядомым серыяле “Вяртанне Мухтара”. На яго рахунку самыя розныя ролі. Не так даўно ён сыграў Гарбачова, а зараз рыхтуецца ўвасобіць вобраз Хрушчова. Будучы акцёр прайшоў на кінастудыі шлях ад рабочага, асвятляльніка да выканаўцы роляў. Яго першым рэжысёрам быў знакаміты Уладзімір Хаціненка. Пра свой шлях у кінематографе расказаў В. Васільеў школьнікам, узгадаў розныя цікавыя факты з біяграфіі. Напрыклад, што з’яўляецца лаўрэатам конкурсу савецкай песні. Падчас сустрэчы артыст адказаў на самыя розныя пытанні: пра любімую ролю, як ужываецца ў новы вобраз і іншыя. Аўтарам пытанняў пасля падарыў афішу фільма з аўтографам.

У фае кінатэатра работнікі ўстановы аформілі фотазону, дзе госць прэм’еры сфатаграфаўся ў перапынку з усімі жадаючымі. “Кіно для мяне – свята. Там я адпачываю, хаця і затрачваю неймаверную колькасць энергіі”, – сказаў акцёр на заканчэнне сустрэчы. Вось і мы прыходзім у кінатэатр, як на свята, каб атрымаць станоўчыя эмоцыі, а, магчыма, і адказы на розныя жыццёвыя пытанні…

Дырэкцыя кінавідэапрадпрыемства вельмі ўдзячна начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Т. М. Крыкала за добрую і дакладную арганізацыю па падвозе старшакласнікаў з усіх школ раёна на прэм’ерны сеанс.

Наталля ШТЭЙНЕР

Фота Сяргея Бобрыка