Аб рэалізацыі Дэкрэта № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” ў Валожынскім раёне

Важное Общество

У адпаведнасці з Дэкрэтам № 3 кожны квартал фарміруецца база даных працаздольнага насельніцтва, якое не занята ў эканоміцы. За чацвёрты квартал 2020 года ў базе знаходзіліся больш за 2000 грамадзян, зарэгістраваных на тэрыторыі раёна, у тым ліку з іх са статусам “не занятыя ў эканоміцы” – каля 1000.

На працягу сакавіка-мая бягучага года прайшлі шэсць пасяджэнняў пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, адно з якіх – выязное – адбылося на базе Ракаўскага сельвыканкама. Па выніках работы каля 200 чалавек пацвердзілі сваю занятасць: працаўладкаваліся і працуюць – 19, у тым ліку 6 – па дагаворах падраду; працуюць за мяжой – 21; атрымліваюць адукацыю ў дзённай форме навучання – 2; выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў – 19, у тым ліку за мяжой – 1; выхоўваюць 3 і больш непаўналетніх дзяцей – 1; вырабляюць прадукцыю раслінаводства на зямельных участках (з’яўляюцца ўласнікамі зямлі ці пражываюць сумесна з уласнікам і маюць пэўнае сваяцтва) – 121; з’яўляюцца членам рэлігійнай суполкі – 1; ажыццяўляюць дзейнасць, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай, – 3; ажыццяўляюць рамесную дзейнасць – 2; зарэгістраваны ў аддзеле занятасці – 3.

Пасля апрацоўкі базы даных 211 чалавек з’яўляюцца не занятымі ў эканоміцы. З такой катэгорыяй вядзецца мэтанакіраваная работа. Для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні грамадзяне накіроўваюцца ў аддзел занятасці райвыканкама, дзе ім прапаноўваецца пералік вакансій, ёсць магчымасць атрымаць накіраванне на навучанне (ці перанавучанне) па вызначаных спецыяльнасцях, атрымаць субсідыю аб арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Разам з тым 23 працаздольныя непрацуючыя грамадзяне раёна ўключаны ў рашэнне райвыканкама і будуць аплачваць паслугі па цепла-, газа- і гарачым водазабеспячэнні па цэнах (тарыфах), якія забяспечваюць поўнае пагашэнне эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне.

Грамадзяне аплачваюць цепла- і гарачае водазабеспячэнне пры ўмове, што з’яўляюцца ўласнікам, наймальнікам ці арандатарам жылога памяшкання. З 1 чэрвеня 2021 года падагрэў вады за 1 Гкал па субсідзіраваным тарыфе складзе 21,92 рубля, па эканамічна абгрунтаваным – 107,31 рубля. Умовамі аплаты паслугі па газазабеспячэнні ў памеры 100 працэнтаў для непрацуючых грамадзян з’яўляюцца заключэнне з імі дагавора на газазабеспячэнне (з’яўляецца спажыўцом газу) і факт іх рэгістрацыі па вызначаным адрасе. З 1 студзеня 2021 года кошт аднаго кубічнага метра газу па субсідзіраваным тарыфе складае 14 капеек, па эканамічна абгрунтаваным – 51 капейку.

Калі Вас праінфармавалі аб уключэнні ў базу даных працаздольнага насельніцтва, якое не занята ў эканоміцы, і Вы не згодныя з гэтым, звярніцеся ў камісію. Вам спатрэбяцца дакументы, якія пацвярджаюць Вашу занятасць. Рэжым работы камісіі: з 15 да 17 гадзін другі і чацвёрты чацвер кожнага месяца. Пасяджэнні праходзяць у будынку райвыканкама па адрасе: г. Валожын, пл. Свабоды, 2, кабінет 406.

Па ўсіх пытаннях можна звярнуцца ў рабочыя дні ў кабінет № 224 райвыканкама ці па тэлефоне 62795.

Вольга КРАСОЎСКАЯ,

сакратар камісіі