Новыя гульнявыя комплексы, арэлі, лаўкі ў гэтыя майскія дні ўстаноўлены ў Валожыне, Ракаве і Івянцы.

Кругозор Общество

Сродкі на элементы сацыяльнай інфраструктуры ў суме каля 40 тысяч рублёў у рамках выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый выдаткаваны з мясцовага бюджэту. Набыццём займаўся РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Сучасныя гульнявыя комплексы і арэлі з’явіліся ў райцэнтры каля дамоў па вуліцах Савецкая, 124 і 126; Міру, 2, 16, 22; Гагарына, 6; Партызанская, 22. Магчымасць весела і з карысцю праводзіць вольны час займела таксама івянецкая і ракаўская дзетвара: у гарпасёлку дзіцячыя пляцоўкі прапісаліся па вуліцах Леніна і 1 Мая, па завулку 17 верасня, а ў Ракаўскім сельсавеце – ля новабудоўлі ў вёсцы Паморшчына.

Не толькі палюбавацца, але пасядзець і адпачыць на ўлонні прыроды ля вадзяной гладзі цяпер могуць усе жадаючыя – вакол гарадскога возера ўстаноўлены шэсць лавак. Таксама райвыканкам выдаткаваў амаль тры тысячы рублёў на новае дахавае пакрыццё для амфітэатра ў дзіцячым гарадку райцэнтра – работа была зроблена сіламі жылкамунгасаўцаў, засталося толькі пафарбаваць падлогу. Варта адзначыць, што такія прапановы прагучалі на сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладзёжным актывам напрыканцы красавіка. Тады старшыня райвыканкама Яўген Міхайлавіч Круковіч даручыў узяць на кантроль узнятыя пытанні. І, як бачна, некаторыя з іх вырашыліся досыць аператыўна.

Радасныя адчуванні агортваюць у гэтыя дні і жыхароў аграгарадка Гародзькі: там пачалі абсталёўваць дзіцячую пляцоўку, якая абыдзецца ў 8 тысяч рублёў. А ўзвядзенне яе стала падарункам кіраўніка раёна за актыўнасць і ініцыятыву, якую праявілі жыхары вуліцы Маладзёжнай падчас навагодніх свят. Яны так ярка і маляўніча ўпрыгожылі свае сядзібы, што ім маглі б пазайздросціць нават гараджане. Ды і павучыцца ў згуртаванасці гаспадароў прыватных сядзіб таксама варта, асабліва ў наш час.   

Алена ЗАЛЕСКАЯ