СВЯТА АЗАРТУ, СПРЫТУ, ХУТКАСЦІ І ЦУДОЎНАГА НАСТРОЮ: у Валожыне прайшла спартакіяда работнікаў АПК

Аграрный сектор и промышленность Главное Спорт

Суботні дзень 22 мая стаў сапраўдным спартыўным святам для работнікаў аграпрамысловага комплексу Валожыншчыны. У фізкультурна-аздараўленчы комплекс прыбылі 14 каманд з сельгаспрадпрыемстваў і звязаных з аграрнай галіной устаноў раёна. І «паспрачаліся» між сабой у спрыце і хуткасці падчас наладжаных пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і райкама прафсаюза работнікаў АПК спаборніцтваў па дартсе, скачках праз скакалку, кіданні мяча ў баскетбольнае кальцо, плаванні, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і гульні ў валейбол.

Адкрыў мерапрыемства старшыня райвыканкама Яўген КРУКОВІЧ: ён пажадаў аматарам здаровага ладу жыцця ніколі не губляць імкнення перамагаць, а ў маючых адбыцца выступленнях — поспеху, выдатнага самаадчування і найлепшага настрою. Так і атрымалася.

На спартакіядзе работнікі гаспадарак Багданава, Гародзькаў, Дубіны, Пяршаяў, Подберазі, Сакаўшчыны, Сівіцы, Суднікаў, КСУП «Валожынскае», а таксама ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, ААТ «Валожынскі льнокамбінат», «Валожынская райаграпрамтэхніка», філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» і сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя сапраўды задалі азартны тон усяму мерапрыемству, актыўна ўдзельнічаючы ў кожнай з прапанаваных спартыўных дысцыплін. А ў перапынках паміж спаборніцтвамі яшчэ і ў тэніс паспявалі пагуляць — для ўласнага задавальнення і паўнаты эмоцый. 

За актыўным адпачынкам час ляціць незаўважна. Вось і спаборніцтвы наблізіліся да завяршэння. Судзейская калегія падвяла вынікі, а кіраўнік раённай вертыкалі ўлады і старшыня райкаму прафсаюза работнікаў АПК ўручылі заслужаныя ўзнагароды пераможцам.

У спаборніцтвах па валейболе першае месца заняла каманда з КСУП «Падбярэззе», другое — спартсмены з сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя. Тройку лідараў замкнула каманда філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат».

Лепшымі ў дартсе сталі Ганна ІВАШКЕВІЧ, Мікалай ЛУКАШЭВІЧ і Алег ЖАЛНЯРОВІЧ. У скакалкавых спаборніцтвах перамогу святкавалі Настасся ЖАШКЕВІЧ, Наталля БАЦЯН і Андрэй БОБРЫК. На «ты» з баскетбольнымі мячыкам і кальцом Павел ХІЛЬКЕВІЧ, Наталля ГРЫБ і Арцём МАТУС. Самымі трапнымі стралкамі прызнаны Алена ДАСЮКЕВІЧ, Вераніка МАЛЕЙ і Сяргей ТУМЕЛЬ. Сярод жанчын лідзіравалі ў плаванні Ганна ІВАШКЕВІЧ, Юлія КАЛАШНІКАВА і Наталля БАЦЯН, а сярод мужчын — Уладзімір ЧАРАЎКО, Павел ХІЛЬКЕВІЧ і Ігар ЯКЕЛЬ. 

Па выніках усёй спартакіяды залатым прызёрам стала КСУП «Падбярэззе», сярэбраным — Валожынскі сельскагаспадарчы прафліцэй, бронзавым — ААТ «Суднікаўскі».

Віншуем пераможцаў!

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА