Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

10 падарункавых сертыфікатаў на суму 135 рублёў кожны атрымала раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа. І гэта ўжо далёка не ў першы раз.

Сертыфікаты (ваўчары) прызначаны мнагадзетным сем’ям, дзе даход на аднаго члена меншы за 250 рублёў, і дзецям-інвалідам. Набываць за ваўчары можна прадукты харчавання і сродкі гігіены на Еўраопце. Яны размеркаваны паміж 6 сем’ямі, у тым ліку атрымалі і 3 дзіцяці-інваліды. Трэба адзначыць, што гэта даволі адчувальная грашовая падтрымка.

47 вучняў 4 “А” і 4 “Б” класаў сярэдняй школы № 1 райцэнтра ў гэтыя майскія дні пабывалі на Кургане Славы і наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

У гэтай навучальнай установе такім чынам традыцыйна адзначаюць прыём чацвёртакласнікаў у піянеры. Адбылася сама ўрачыстасць на Кургане Славы. Піянерскія гальштукі хлопчыкам і дзяўчынкам павязалі настаўнікі і бацькі. Пераемнасць пакаленняў, пачуццё еднасці, патрыятызму – усё было ў гэтым хвалюючым для малодшых школьнікаў моманце. Адказнасць за лёс Айчыны, за мірнае неба над галавой адчуў кожны падчас экскурсіі ў Хатынь, дзе прадстаўнікі Валожыншчыны ўсклалі жывыя кветкі. А 60 вучняў 1-3 класаў пабывалі ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

20 мая на базе аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытырыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў другі навучльны вэбінар на тэму “Паляпшаем кагнітыўныя функцыі – зніжаем рызыку падзенняў”.

Праводзілі вэбінар спецыялісты навукова-даследчага цэнтра “Геранталогія” з Масквы. На сустрэчы прысутнічалі 17 валожынцаў: 7 валанцёраў цэнтра, а таксама прадстаўнікі зацікаўленых структур, асобных сем’яў. Вядучай была кандыдат медыцынскіх навук Ірына Аўдзеева. Прысутныя атрымалі прадстаўленне пра тое, як кагнітыўныя парушэнні ўплываюць на рызыку падзенняў, што маюць самыя негатыўныя паследкі, і як увогуле пазбегнуць падзенняў.

 У Івянецкім дзіцячым доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця з пачатку года рэалізавана ўласнай прадукцыі на 327 рублёў.

 Але справа не столькі ў заробленых грошах, колькі ў занятасці дзяцей-інвалідаў карыснай працай, адчуванні сваёй неабходнасці, а таксама ў развіцці ўменняў і талентаў. У майстэрнях і гуртках тут вырабляюць абрусы і сурвэткі, інтэр’ерных лялек, жывапісныя карціны і іншую сувенірную прадукцыю. Асаблівым попытам карыстаюцца ручнікі. Бойка разыходзіліся яны напярэдадні 8 Сакавіка і Вялікадня.

У юбілейны альманах “Друзья, прекрасен наш союз!”, выдадзены да 5-годдзя стварэння Міжнароднага Саюза Рускамоўных Пісьменнікаў, увайшлі і творы нашых зямлячак.

 У гэтым прадстаўнічым томе ў цвёрдым пераплёце кожнаму з аўтараў адведзены па чатыры старонкі. Змешчаны і іх фатаграфіі. Складальнікі адабралі ў зборнік лепшыя вершы членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Наталлі Жызнеўскай і Людмілы Садоўскай.

19 мая сямікласнікі гімназіі № 1 г. Валожына пабывалі на экскурсіі на Маладзечанскай кандытарскай фабрыцы “Конфа”.

Наведванне прадпрыемства насіла не толькі пазнавальны, але і прафарыентацыйны характар. Школьнікі мелі магчымасць пазнаёміцца на рабочых месцах з прадстаўнікамі розных прафесій, даведацца, якую адукацыю патрэбна атрымаць. Завяршылася паездка квэст-гульнёй “У пошуках скарбаў”.

На мінулым тыдні на базе дзённага аддзялення для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра адбылося чарговае пасяджэнне бацькоўскага клуба “Спраўляемся разам”. Былі ўзняты тры актуальныя тэмы.

Спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення Дар’я Жук расказала пра сіндром ахвяры і як не загнаць сябе ў пастку. Эстафету ад гаспадыні пераняла псіхолаг цэнтра Алена Жданюк, якая закранула актуальную праблему правіл бяспекі ў Інтэрнэце. Пра кібер-бяспеку расказаў прысутным начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Валерый Жук. Вынікі размовы былі падзведзены гульнёй “Балота праблем”, што дапамагла замацаваць атрыманыя звесткі. Яшчэ раз абмеркаваць пачутае і падзяліцца ўласнымі праблемамі прысутныя змаглі за сяброўскім чаяпіццем.