Адразу дзве перамогі

Кругозор Культура

Інструментальны ансамбль “Менестрэлі” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў у маі стаў пераможцам адразу двух прэстыжных конкурсаў: лаўрэатам I ступені ў IV Рэспубліканскім адкрытым конкурсе “Поспех”, які праходзіў у Магілёве і лаўрэатам III ступені ў юбілейным X Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”.

Інструментальны ансамбль “Менестрэлі” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў і іх майскія ўзнагароды.

 

У “Маладых талентах” калектыў ужо прымаў удзел у 2019 годзе і стаў дыпламантам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У гэты раз ён таксама паспяхова выступіў у трох турах, дзе выканаў новую і вельмі разнастайную праграму: класічную музыку, твор беларускага кампазітара В. Гінько “Малітва памяці Марка Шагала” і нават апрацоўку песні рок музыкі Валерыя Кіпелава. Па ўмовах конкурсу ансамбль стаў прэтэндэнтам на атрыманне прэзідэнцкай стыпендыі.

Склад журы ў гэтым годзе быў вельмі аўтарытэтным. Старшыня журы, народны артыст, кампазітар, кіраўнік папулярнага ансамбля “Бяседа” Леанід Захлеўны, народныя артысты Анастасія Масквіна і Ніна Ламановіч, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, а таксама дацэнты Акадэміі музыкі і вядомыя дзеячы культуры.

Праз два тыдні пасля ўзнагароджання рабят запрасілі ў Магілёў на Рэспубліканскі конкурс “Поспех”. Акрамя дыплома I ступені, прафесійнае журы адзначыла калектыў і яго кіраўніка падзячным лістом за крэатыўны і творчы падыход, аўтарскую аранжыроўку і якасць выканання. На “Поспеху” ў складзе ансамбля “Менестрэлі” ўпершыню выступілі вучні 4 і 5 класа Ракаўскай ДШМ Цімафей Амбражэвіч і Ганна Буцень. Пасля выступлення рабят чакала знаёмства з горадам, які па праве носіць назву “культурнай сталіцы Беларусі”. У Магілёве штогод праходзяць вакальныя і інструментальныя конкурсы, розныя фестывалі і канцэртныя мерапрыемствы.

Такі насычаны добрымі, удалымі падзеямі пачатак мая даў старт ансамблю на ўвесь вясновы месяц. 24 мая ў Ракаўскай ДШМ запісаны справаздачны анлайн-канцэрт, а 30 мая – малодшы састаў “Менестрэляў” прыме ўдзел у Рэспубліканскім справаздачным канцэрце танцавальных, вакальных і інструментальных калектываў, які пройдзе ў Мінскім гарадскім Палацы культуры.

Наш кар.