“Ноч музеяў” у Валожыне

Культура Общество

Штогод 18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Зразумела, што свята тычыцца не толькі работнікаў адпаведных устаноў, але і ўсіх, хто хаця б аднойчы апынуўся ў іх чароўным свеце. Па ўжо добрай традыцыі да гэтай даты прымяркоўваецца міжнародная акцыя “Ноч музеяў”.

У  Валожынскім краязнаўчым музеі яна адбылася 19 мая. Увечары ва ўстанове было шматлюдна, некаторыя наведвальнікі прыйшлі сем’ямі. У рамках акцыі працавалі дзве выставы нашых землякоў – мастака Уладзіміра Сайко і майстра Ларысы Мытнік. Абоіх аўтараў у Валожыне і раёне добра ведаюць і захапляюцца іх творчасцю.

Выставы карцін Уладзіміра не аднойчы праходзілі ў музеі, а ў цэнтральнай раённай бібліятэцы створана пастаянная экспазіцыя работ маладога таленавітага мастака.

Ларыса Альбертаўна з задавальненнем прымае ўдзел у самых розных мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага значэння. Нядаўна пра яе выставу, што праходзіла ў пакоі народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”, мы распавядалі ў раённай газеце. Прыгожыя, вытанчаныя вырабы жанчыны радуюць вока, адчуваецца, што ў кожны ўкладзена душа майстра. Падчас “Ночы музееў” творца правяла майстар-клас па вырабе анёла з мешкавіны. Прысутныя старанна паўтаралі за ёй немудрагелістыя дзеянні і ў выніку ў кожнага ўдзельніка атрымаўся прыгожы анёл-ахоўнік. Жыхары горада з цікавасцю слухалі Ларысу Альбертаўну, калі тая распавядала, як пачынаўся яе творчы шлях, пра любімую справу.

Знаёмства з экспанатамі і экспазіцыямі ўстановы нікога не пакінула абыякавым. Дзеці разглядалі пудзілы жывёл, што прадстаўлены на першым паверсе музея, а ўсе, хто любіць фатаграфавацца, маглі гэта зрабіць у спецыяльна абсталяванай фотазоне.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара