Рабіць дабро ў сілах кожнага

Общество

З 8 мая па 1 чэрвеня пад дэвізам “Пра100 дапамагаем” у Валожынскім раёне, як і ва ўсёй Рэспубліцы Беларусь, праходзіць месячнік Чырвонага Крыжа.

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Гісторыя найстарэйшай гуманітарнай арганізацыі нашай краіны пачалася ў 1870-х гадах з працы лазарэтаў, клопату аб параненых і хворых воінах. 6 верасня 1921 года быў прыняты Статут Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Арганізацыя ставіла перад сабой мэту ажыццяўляць матэрыяльную і маральную дапамогу людзям, што пацярпелі ад вайны, неўраджаяў і іншых бедстваў, а таксама тым, хто знаходзіцца ў турме, палоне, і наогул усім, каму гэта неабходна.

Як і сто гадоў таму, сёння супрацоўнікі і валанцёры дапамагаюць людзям у надзвычайных і складаных жыццёвых сітуацыях. Дэвіз “Пра100 дапамагаем” актывісты Чырвонага Крыжа штодзённа падмацоўваюць добрымі справамі.

У рамках месячніка Валожынская раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі праводзіць разнастайныя мерапрыемствы. Школьнікі прымаюць удзел у абласным конкурсе малюнкаў “Чырвоны Крыж вачамі дзяцей”. Значная ўвага надаецца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

Дадзены старт інфармацыйнай кампаніі па зборы сродкаў для дапамогі грамадзянам, што маюць у гэтым патрэбу, адзення, абутку, канцылярскіх тавараў, цацак для дзяцей з сацыяльна неабароненай катэгорыі. Праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя дзейнасці БТЧК і міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, інфармацыйныя сесіі і акцыі па прыцягненні валанцёраў і прапагандзе актыўнага валанцёрства. Цікава будзе наведаць трэнінгі, майстар-класы па навучанні насельніцтва навыкам аказання першай дапамогі, што праводзяцца сумесна з ЦРБ і Валожынскай паліклінікай. Ідзе напружаная работа па тлумачэнні валожынцам, як зберагчы сябе ад COVID-19, расказваецца пра прафілактычныя меры, неабходнасць вакцынацыі. У рамках прадухілення распаўсюджвання хваробы вядзецца сумесная работа з валанцёрамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Ідзе планамерная падрыхтоўка да мерапрыемстваў, прымеркаваных да Сусветнага дня барацьбы з курэннем.

Як лічыць старшыня раённай арганізацыі БТЧК Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская, месячнік Чырвонага Крыжа – гэта яшчэ адна выдатная магчымасць убачыць і зразумець, што рабіць дабро ў сілах кожнага чалавека.

Анжэла РАДЫНА