Толькі наперад!

Общество Ступені поспеху

Старшы інструктар-інспектар па арганізацыйна-эксплуатацыйных пытаннях Валожынскага ўчастка паштовай сувязі Мінскага абласнога філіяла Белпошты Аксана ТЫШКЕВІЧ да Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі ўзнагароджана Граматай абласнога кіраўніцтва.

Будучую прафесію яна выбрала яшчэ ў дзяцінстве, калі прыходзіла на работу да матулі, якая працавала тэлефаністкай на тэлеграфе: дзяўчыне вельмі падабалася назіраць, як тая пераключала рычагі, пры дапамозе чаго ажыццяўлялася міжгародняя сувязь, і людзі маглі пачуць адзін аднаго з розных куткоў і нават краін. За дваццаць чатыры гады работы ні разу не пашкадавала, што звязала свой лёс менавіта з гэтай галіной.

Пасля заканчэння вучылішча сферы абслугоўвання працоўную дзейнасць пачынала аператарам паштовай сувязі. З цягам часу павялічваўся не толькі вопыт работы, але і прафесійны рост, адукацыйны ўзровень. Працаваць і адначасова вучыцца было лёгка і зразумела, бо адчувала сябе як рыба ў вадзе.

На цяперашняй пасадзе А. А. Тышкевіч курыруе пытанні эксплуатацыі паштовай сувязі – усе арганізацыйныя і тэхнічныя моманты. Вучыць паштавікоў граматна размаўляць з кліентамі, ведаць праграмныя прадукты і ўмець імі карыстацца, адной з першых укараняе навінкі, што прапануе Белпошта. Мадэрнізацыя дапамагае крочыць у нагу з часам і па-ранейшаму быць запатрабаванымі ў насельніцтва. Аднак, нягледзячы на высокія тэхналогіі, менавіта чалавек, яго адносіны да даручанага ўчастка вызначаюць паспяховасць развіцця прадпрыемства і яскрава сведчаць пра прафесіяналізм яго работнікаў.

На пытанне: “Любіце сваю работу?” Аксана Аляксееўна шчыра прызналася: “Вельмі. А ўзнагароджанне надало яшчэ большы стымул: толькі наперад і наперад, каб прыносіць карысць свайму калектыву і прадпрыемству”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА