На варце мірнага жыцця

Люди и судьбы Общество

За выдатную працу – удзячнасць калектыву.

Нядаўна ў аддзяленні аховы прайшла ўрачыстасць, падчас якой калектыў праводзіў на заслужаны адпачынак супрацоўніцу, што 27 гадоў годна несла службу ў якасці дзяжурнай пульта цэнтралізаванага нагляду. Гутарка ідзе пра Марыну Юльянаўну КОСІК.

Маладжавая жанчына, чый вопыт у напружанай і даволі спецыфічнай рабоце цяжка пераацаніць, родам з Порычаў. Бацька з маці хоць і атулялі адзіную дачку любоўю, да працы прывучалі. Больш за ўсё юная Марына любіла збіраць ягады, грыбы. Кожны паход у лес прыносіў сапраўдную асалоду.  Паралельна яна старанна развівала ў сабе здольнасці да рукадзелля. Даволі рана пачала задумвацца пра будучую спецыяльнасць. Адразу рашыла паступіць у тэхналагічны інстытут і прысвяціць жыццё распрацоўцы новых фасонаў адзення. Разам з тым  вабіла лясная справа. Як жартуе зараз, лясное дзяцінства не прайшло дарэмна. У выніку выбрала факультэт лясной гаспадаркі Мінскага тэхналагічнага інстытута. Вучыцца было цікава, здавалася, яе лёс вырашаны. Аднак жыццё карэктывы ў планы маладога спецыяліста пачало ўносіць амаль адразу пасля размеркавання памочнікам ляснічага на Вілейшчыну. Захварэла маці, і дзяўчына пераехала ў Валожын. У лясгасе свабодных месцаў па яе адукацыі не знайшлося, а працаўладкавацца патрэбна было тэрмінова. Сяброўка падказала, што ёсць месца касіра ў бухгалтэрыі аддзялення аховы. Марына ў школьныя гады добра паспявала па ўсіх прадметах, сябравала і з матэматыкай. Таму новая работа цяжкай не падалася. Да таго ж была ўпэўненасць: пры першай жа магчымасці абавязкова вернецца да работы па спецыяльнасці. Аднак няма ў свеце нічога больш пастаяннага, як штосьці, што лічым часовым.

У аддзяленні яна сустрэла Івана Іванавіча Косіка. Маладыя людзі адчулі ўзаемную сімпатыю, пачалі сустракацца, а ў хуткім часе пажаніліся. У іх нарадзіліся дзеці – дачка і сын. Падчас дэкрэтных водпускаў Марына Юльянаўна нават не задумвалася аб звальненні і пошуках новага месца, а пасля ёй прапанавалі пасаду дзяжурнай. У адказнай работы былі плюсы і мінусы, аднак апошніх аказалася менш, таму дала згоду. Ды і працаваць у адным калектыве з любімым мужам жанчыне падабалася. Дарэчы, Іван Іванавіч у аддзяленні прайшоў даволі складаны шлях. Пачынаў як неатэставаны супрацоўнік у складзе каманды  электраманцёраў, затым атрымаў павышэнне і стаў інжынерам пульта. Яму было ўжо трыццаць гадоў, калі паступіла прапанова атэставацца. У той жа час на сямейным савеце яны прынялі рашэнне аб паступленні ў ВНУ. Праз пяць гадоў Іван Іванавіч меў дыплом аб заканчэнні прыборабудаўнічага факультэта БНТУ, пася чаго яго прызначылі на пасаду начальніка аддзялення. Затым у той жа якасці перавялі ў Маладзечна. Пакуль працавалі разам, у адным  аддзяленні, кожны займаўся сваёй справай і ні ў каго з калег нават думкі не ўзнікала папракнуць Марыну Юльянаўну тым, што тая карыстаецца службовым становішчам мужа-начальніка.

Дзяжурная пульта Косік шмат гадоў старанна выконвала свой абавязак. Несці службу на пульце – гэта не адпачынак. Патрэбны ўважлівасць і засяроджанасць. Асабліва цяжка ноччу. Між іншым, яна ніколі не думала пакінуць калектыў, што стаў родным.

Добра ішлі справы і ў асабістым жыцці. Муж і жонка вельмі гарманічна дапаўнялі адзін аднаго. Старанна ладзілі быт, гадавалі дзяцей. Івана Іванавіча не стала тры гады таму. Раптоўная смерць болем адазвалася ў сэрцы кожнага, хто ведаў гэтага чалавека. Што ж можна сказаць пра яго верную сяброўку…  У нейкі момант жанчыне здавалася, што не здолее перажыць такі ўдар. Але яна справілася. Побач былі дзеці і цудоўны калектыў. Няпростыя абавязкі дзяжурнай дапамагалі ёй хоць на час забываць пра бяду, а спагада людзей паспрыяла прыняццю факта: мужа больш няма, але жыццё працягваецца.

“Я шчыра ўдзячная за падтрымку дзеючаму начальніку аддзялення і ўсім, хто гэты час быў побач. Па ўзросце магла б пайсці на пенсію раней, але ў калектыве вырашылі: мне пасля такой страты лепш знаходзіцца сярод людзей. Упэўнена: менавіта магчымасць займацца звыклай справай дапамагла ўтаймаваць адчай і зноў наладзіць жыццё. Зараз маю безліч планаў па добраўпарадкаванні дома і прысядзібнага ўчастка. Кожныя выхадныя матулю стараюцца наведаць дзеці. Ёсць сябры, якія, безумоўна, не дадуць засумаваць”, – дзеліцца ўспамінамі і планамі Марына Юльянаўна.    

У апошні працоўны дзень жанчына пачула ад сваіх таварышаў мноства цёплых слоў. Начальнік аддзялення Дзяніс Вайцехавіч Пачыкоўскі ўручыў ёй памятны адрас і каштоўны падарунак. У адрас гераіні дня прагучалі цёплыя словы падзякі за шматгадовую плённую працу і пажаданні здароўя, бадзёрасці, дабрабыту.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара