Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728   nshtejner@mail.ru

За 2020 год на аўкцыёны былі выстаўлены 7 аб’ектаў камунальнай уласнасці раёна – будынкі, збудаванні, пабудовы рознага прызначэння. 5 з іх былі рэалізаваны.

Новых гаспадароў набылі кароўнік у вёсцы Чартавічы, які быў прададзены пад сельгасвытворчасць, будынак хлява ў аграгарадку Вішнева, пральня ў гарпасёлку Івянец – пад падсобнае памяшканне. Будынкі ФАПа ў вёсцы Новы Двор і лазні ў Даўбенях прададзены пад жыллё. Адпаведныя службы райвыканкама і сёлета працягваюць работу ў дадзеным напрамку з мэтай уцягвання ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці. Праводзіцца ацэнка аб’ектаў.

У Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур у Мінску прайшоў рэспубліканскі семінар-прэзентацыя “Арганізацыя і рэалізацыя рэгіянальных культурных брэндаў”.

У рабоце семінара брала ўдзел дырэктар раённага Цэнтра культуры Алена Іванаўна Конаўка. У яго рамках прайшла прэзентацыя зборніка “Фестывальных рух”, былі разгледжаны рабочыя моманты па стварэнні культурных брэндаў, якія б маглі стаць адметным тварам кожнага раёна.

У аграгарадку Сугвазды ў маі адкрыўся новы, трэці па ліку, магазін.

Індывідуальны прадпрымальнік Наталля Зянько адкрыла гандлё-вую кропку на першым паверсе адміністрацыйнага будынка былога сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, гэта не першы магазін прадпрымальніцы. У яе ёсць яшчэ кропка ў вёсцы Забрэззе. А ў жыхароў Сугваздаў стала больш магчымасці набываць прадукты, арыентуючыся на асартымент, якасць і цэны. Акрамя магазіна Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства, ёсць яшчэ адна прыватная крама, пэўнай групай тавараў гандлююць у аддзяленні паштовай сувязі, таксама заязджаюць аўталаўкі.

Член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, дырэктар Пугачоўскага СДК Наталля Жызнеўская працягвае атрымліваць новыя дыпломы, праяўляць сябе ў розных жанрах.

 У маі яе скарбонка ўзнагарод папоўнілася дыпломамі Міжнароднай асацыяцыі літаратараў Балгарыі-Расіі-Сербіі ў намінацыі “Паэзія” і “Пераклад” за ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе “Ружа” і экспрэс-конкурсе перакладаў.

20-22 мая ў Смаргоні прайшла рэспубліканская спартакіяда “Баскетбол 3х3” сярод дзяцей і юнацтва, якія займаюцца ў групах і секцыях па месцы жыхарства. У спаборніцтвах прымалі ўдзел юныя баскетбалісты 2006-2007 гадоў нараджэння сямі каманд.

Мінскую вобласць прадстаўляла каманда нашага раёна, якая заняла чацвёртае месца.

Сталі вядомы вынікі абласнога этапу VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Дзень добры, свет!”, які праходзіў пад дэвізам “Беларусь – мая мова і песня”. У конкурсе ўдзельнічалі больш за 4 тысячы чалавек з 22 раёнаў Міншчыны і горада Жодзіна. Журы разгледзела больш за 1500 конкурсных матэрыялаў у 11 намінацыях.

У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” сярод работ керамікі, мелкай пластыкі і цестапластыкі два дыпломы ІІ ступені заваявалі выхаванцы Уладзіміра Пятровіча Скрыпкі з Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – Анастасія Скрыпка і Дар’я Загавалка з работамі “Івянецкія матывы” і “Захавальнік лесу”. Сярод работ па мастацкай апрацоўцы прыродных матэрыялаў дыплома ІІІ ступені ўдастоены Аляксандр Сысун з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна (кіраўнік Канстанцін Аляксандравіч Вайткевіч). Аналагічнага дыплома ўдастоены Яўгенія і Дар’я Садоўскія з Валожынскага цэнтра (кіраўнік Святлана Вацлаваўна Кеўра). Сярод лялек (народных, аўтарскіх, інтэр’ерных) дыплом ІІ ступені атрымала Анастасія Курыла за ляльку “Рукадзельніца” (кіраўнік Наталля Аляксееўна Лукашык), а дыплом ІІІ ступені – Софія Пратасевіч з гімназіі № 1 “Дзяўчынка ў намітцы” (кіраўнік Наталля Леанідаўна Кузаўлёва). Дарэчы, вучаніца Ракаўскай СШ А. Курыла ўдастоена дыплома ІІІ ступені ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва. Жывапіс”. Два дыпломы ІІ ступені маюць нашы таленавітыя вучні ў намінацыі “Выцінанка”. Арына Маргунова з Івянецкага цэнтра творчасці (кіраўнік Алена Уладзіміраўна Мурашова) і Анастасія Праабражэнская (С. В. Кеўра) з Валожынскага цэнтра, а таксама дыплом ІІІ ступені – Аляксандра Суша з Івянецкага цэнтра (кіраўнік Вольга Сямёнаўна Харлінская). У намінацыі “Сцэнарная распрацоўка” дыпломам ІІІ ступені адзначана работа “З любоўю да роднага краю” работнікаў цэнтра творчасці Валожынскага раёна Ірыны Станіславаўны Ваньковіч і Канстанціна Аляксандравіча Вайткевіча.