З людзьмі і для людзей

Общество Ступені поспеху

Нядаўна на Міншчыне ўпершыню ўшанавалі лепшых прафсаюзных лідараў сістэмы адукацыі. Сярод узнагароджаных была і прадстаўніца Валожыншчыны. Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы № 1 г. Валожына Святлана КОСІК удастоена звання “Прафсаюзны лідар-2020”.

Мы жывём у імкліва зменлівым свеце, з кожным днём сучасныя тэхналогіі ўсё мацней уваходзяць у жыццё звычайных людзей і становяцца проста неад’емнай яго часткай. Работнікі сістэмы адукацыі павінны заўсёды ісці ў нагу з часам, старацца быць паспяховымі, умець пераадольваць цяжкасці і вучыць гэтаму іншых. Арганізацыі, якія дабіваюцца поспеху, адрозніваюцца ад іншых галоўным чынам тым, што маюць больш дынамічнае кіраўніцтва. Калі гаварыць пра прафсаюзы, то эфектыўнасць іх работы ў большай ступені залежыць ад таго, якія іх лідары.

Прафсаюзны лідар – гэта прызванне. Святлана Георгіеўна заўсёды ў гушчы спраў, у пастаянных зносінах з людзьмі, арганізацыі мерапрыемстваў і паездак. Знаходзячыся паміж калектывам і работадаўцам, яна ўмее знайсці ўзаемаразуменне, наладзіць партнёрства. Актыўная жыццёвая пазіцыя, пачуццё справядлівасці, неўтаймаваная энергія дазволі ёй згуртаваць вакол сябе актыў і ўсю прафсаюзную арганізацыю школы. Сёння С. Г. Косік – герой рэдакцыйнай гасцёўні.

 – Па-першае, падзяліцеся ўражаннямі ад самой падзеі і прызнання “Прафсаюзным лідарам-2020”?

 – Складана перадаць словамі эмоцыі і пачуцці. Я шчаслівая – менавіта ў гэтым месцы і ў гэты час. Мерапрыемства праходзіла ў зале Перамогі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Шмат разоў вазіла дзяцей на экскурсію туды і заўсёды заканчвалі расказ у гэтай зале. І нават не магла ўявіць, што апынуся там сама, ды яшчэ і ў якасці ўзнагароджваемай. А прызнанне “Прафсаюзным лідарам-2020” – не толькі адзнака маёй працы. Гэта сістэмная работа ўсіх, хто побач: пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, прафкама, прафсаюзнага актыву раённай арганізацыі галіновага прафсаюза і раённага аб’яднання прафсаюзаў.

 – Калі ўявіць прафсаюзную пярвічку літаральна некалькі сказамі, аб чым хацелася б расказаць у першую чаргу? Што яе адрознівае ад іншых?

– У нашай пярвічцы на працягу доўгіх гадоў склалася многа традыцый, якія мы падтрымліваем: работа з ветэранамі педагагічнай працы і прафсаюзнага руху – іх у нас 87; актыўная спартыўна-аздараўленчая і культурна-масавая работа, а галоўнае – забеспячэнне бяспечных і здаровых умоў працы.

– Як Вам удалося ахапіць калектыў 100-працэнтным членствам прафсаюза?

–  Асноўны дэвіз работы прафсаюза: “З людзьмі і для людзей”. Калі прытрымлівацца яго, то і будзе 100-працэнтнае членства.

– Як працуеце з моладдзю і прыцягваеце яе ў свае рады?

– Моладзь – гэта гонар, гэта рухавік, які прымушае не сядзець на месцы. Стараемся задзейнічаць іх ва ўсіх мерапрыемствах. Вельмі прыемна, што наш педагог Анастасія Валер’еўна Карачун узначальвае раённы маладзёжны савет. Будучае прафсаюза – за маладымі. Яны разумныя, энергічныя, крэатыўныя, але пакуль у іх не хапае вопыту, таму мы, атуляючы цеплынёй і клопатам, перадаём ім сваё практычнае ўменне.

– З якімі пытаннямі часцей за ўсё да Вас звяртаюцца? Што ўдаецца? Што не і чаму?

 – Пытанні бываюць самыя розныя. Камусьці неабходна проста выгаварыцца, каб яго пачулі. Камусьці трэба маральная і матэрыяльная падтрымка, камусьці – кансультацыя. Ні адна просьба не застаецца без увагі. Мне прыемна працаваць у тандэме з дырэктарам школы Ірынай Вацлаваўнай Чаховіч. Яна заўсёды гатова пачуць і дапамагчы ў вырашэнні пытанняў, якія ўзнікаюць у працоўным калектыве.

– Без перабольшвання, прафсаюзы трымаюць руку на пульсе жыцця: бачаць рэальныя праблемы чалавека і, не чакаючы падказак, самі прапаноўваюць дзейсныя рэцэпты іх рашэння. Якія цікавыя прыклады прафсаюзных ініцыятыў у Вашай арганізацыі?

 – У нашай школе прыняты важны дакумент – калектыўны дагавор паміж наймальнікам і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй, які ўключае ў сябе нормы і гарантыі работнікаў установы адукацыі розных катэгорый, закладзеныя ў раённым галіновым Пагадненні. Кіраўніцтва і прафсаюзны актыў адказна падышлі да зместу гэтага дакумента, што дазволіла ўлічыць правы і сацыяльна-эканамічныя інтарэсы працуючых членаў прафсаюза. Напрыклад, досыць папулярная гарантыя для маладых спецыялістаў, якія выказалі жаданне прадоўжыць працоўныя адносіны па кантракце на максімальны тэрмін пасля абавязковай адпрацоўкі. Для іх пакідаюцца заахвочвальныя меры – 50-працэнтнае павышэнне акладу і дадатковы аплачваемы адпачынак на працягу 5 каляндарных дзён.

Што ж датычыцца штодзённага прафсаюзнага жыцця, то яно заўсёды кіпіць: гэта і туры выхадного дня, маршруты якога кожны раз новыя, і сумесныя мерапрыемствы з ветэранамі педагагічнай працы ў літаратурна-музычным кафэ з Аленай Уладзіміраўнай Рудовіч, і асабістыя падзеі членаў прафсаюза, і прафсаюзныя акцыі…

– Па вялікім рахунку, сутнасць прафсаюза – у салідарнасці: разам, аб’яднаўшыся, супольна лягчэй спраўляцца з любымі задачамі, праблемамі… Ці можна гаварыць аб тым, што моцны прафсаюз садзейнічае павышэнню вытворчасці працы?

 – Лічу, што так. З’яўляючыся членам прафсаюза, работнік атрымлівае надзейную абарону працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў. Ведае, што ён пад абаронай свайго прафсаюза. І зноў паўтаруся: пад абаронай нашай маленькай канстытуцыі – калектыўнага дагавора.

– Несумненна, аўтарытэт любой грамадскай структуры ўмацоўваецца канкрэтнымі справамі. Якія падзеі лічыце найбольш значнымі ў жыцці прафсаюзнай арганізацыі школы?

– Мы ўвайшлі ў тройку лепшых у конкурсе, які ініцыіравала Федэрацыя прафсаюзаў: занялі 2-е месца ў раённым конкурсе галіновых прафсаюзаў на лепшую пярвічку. Выніковая работа ў рамках рэспубліканскіх і абласных акцый “Прафсаюзы – дзецям”, “Новыя імёны Беларусі”, “Ветэран жыве побач”, “Адзіная абласная прафсаюзная дыктоўка” і інш. Удзельнічалі ў фотаконкурсах “Чалавек працы”, “Мая педагагічная сям’я”, “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”…

– Многія часта задаюць пытанне: “А ці патрэбен нам сёння прафсаюз?” Якое Ваша меркаванне на гэты конт?

 – Адказ, на мой погляд, толькі адзін –патрэбен! І не проста ён павінен быць, а павінен ісці ў нагу з часам, радавацца нашым поспехам, працвітаць! Гэта закон жыцця: будзем паспяховыя мы – будзе паспяховы наш саюз, альянс працы і натхнення. У прафсаюза важная задача – паляпшаць дабрабыт людзей, забяспечваць бяспечныя ўмовы працы і прадастаўляць неабходныя сацыяльныя гарантыі. У прафсаюзным руху патрэбны лідары. І як чалавек не можа жыць і дзейнічаць без розуму, так і грамадства не можа абыходзіцца без лідараў, яго мазгавых цэнтраў.

– Раскрыйце сакрэт, што на парадку дня прафсаюзнага лідара сёння і што ў заўтрашніх планах?

 – Сёння – аздараўленне работнікаў і іх дзяцей (наперадзе ж адпачынкі), хочацца максімальна рэалізаваць магчымасці санаторнага лячэння. Заўтра – унясенне змяненняў і дапаўненняў у калектыўны дагавор, дапамога ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года… І ўсё, што прынясе новы дзень.

– Чым напоўнена жыццё простага чалавека Святланы Косік паза сценамі школы і прафсаюзнай работы?

– У кожнага ёсць сваё захапленне. Я люблю вандраваць, даведвацца штосьці цікавае і нязведанае пра нашу родную Беларусь разам з маімі вучнямі. Вялікае задавальнне атрымліваю ад такіх паездак, асабліва калі бачу шчаслівыя твары дзяцей, як гараць іх вочы, – і адразу ж пачынаю думаць пра новы маршрут.

– Што Вам прыносіць задавальненне? Адкуль чэрпаеце сілы, бярэце ідэі?

– Мая сіла і энергія – у сям’і, вучнях, сябрах. Вельмі люблю гатаваць. Мая кухня – цэнтр дома, дзе заўсёды пануе цяпло і ўтульнасць. Кожны новы рацэпт – новы інгрэдыент, а вынік – шчаслівая сям’я і пусты посуд. А патрэбна дзеля гэтага ўсяго некалькі чароўных спецый і трошачкі любові.

– Раскажыце, калі ласка, пра выбар прафесіі? Хто для Вас быў прыкладам? Што лічыце самым важным у рабоце настаўніка?  

– Самае галоўнае – любіць дзяцей і аддаваць сябе любімай справе. Свой шлях педагога пачала ў 1990 годзе ў Ракаўскай сярэдняй школе і ні разу не пашкадавала пра выбар прафесіі. Я вельмі шчаслівы чалавек, бо побач са мной па жыцці ідуць многія прафесіяналы, і кожны з іх падарыў тую бясцэнную якасць, без якой сапраўдным настаўнікам стаць немагчыма. А канчаткова вызначыцца з прафесіяй мне дапамагла мая цётка Зінаіда Якаўлеўна Андрыеўская – чалавек значны ў навуцы, якога добра ведаюць не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы.

– Як, на Ваш погляд, падняць прэстыж прафесіі педагога? Ці змяніліся патрабаванні да настаўніка ў сучасным свеце, і чаго не хапае маладым спецыялістам? Настаўнік – гэта прызванне ці проста работа?

 – Падняць прэстыж магчыма сумеснымі намаганнямі дзяржавы, грамадства, бацькоў. Сам педагог таксама павінен прыкласці максімум намаганняў, пазіцыянуючы сутнасць прафесіі толькі са станоўчага боку. Кожны павінен быць на сваім месцы, і тады абраная прафесія будзе прызваннем, а не работай.

– Ваша жыццёвае крэда: “У чалавека ёсць вяршыня, да якой ён павінен дайсці”. Што для Вас з’яўляецца вяршыняй? Дасягнулі яе ўжо ці на якім адрэзку шляху знаходзіцеся зараз?

 – Мая вяршыня вельмі шматгранная, сярод гэтых граняў – сям’я, работа, сябры, блізкія людзі, вучні і іх бацькі. І на кожнай грані – свой узровень, свая вышыня. Ісці мне да гэтай вяршыні ўсё жыццё, просячы сіл, розуму і здароўя ў Бога.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ