“З ЛЮБОЎЮ, ПАВАГАЙ, ПЯШЧОТАЙ” –

Официально

пад такой назвай у панядзелак у раённым цэнтры культуры прайшла ўрачыстасць, прысвечаная Тыдню Маці.

З усіх шматлікіх іпастасей, якімі прырода надзяліла жанчыну, найважнейшая ўсё ж – быць МАМАЙ. Навука і мудрасць выхавання дзяцей перадаецца з пакалення ў пакаленне, зведваюць яе жанчыны і шляхам самаспасціжэння. Іх сэрцы ніколі не развучацца, ніколі не стомяцца любіць. Толькі ў прамянях гэтага шчырага пачуцця могуць вырасці шчаслівыя дзеткі, а родны дом заўсёды будзе цёплы і ўтульны. І ёсць вялікая мудрасць і празарлівасць у тым, што Дзень маці супадае з вялікім кастрычніцкім святам на праваслаўным хрысціянскім календары – Пакровамі Святой Багародзіцы. Для кожнай жанчыны вобраз Дзевы Марыі з’яўляецца абсалютным увасабленнем чысціні, святасці, адданай любові да тых, каму жанчына дала жыццё.

Пра значэнне і ролю маці ў сям’і, у грамад-стве можна разважаць бясконца, на канк-рэтных жыццёвых прыкладах фармуляваць павучальную філасофію. Размова на гэтыя важныя тэмы ішла і на святочнай сустрэчы кіраўніцтва раёна са шматдзетнымі маці, а таксама з жанчынамі, якія працуюць у сацыяльна-эканамічнай сферы. Па-простаму шчыра, без афіцыйных моўных штампаў звярнуўся са сваім вітальным словам да прысутных жанчын старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч. Ён задаў сустрэчы тон сардэчнай адкрытасці. Жанчыны, якія затым бралі ў рукі мікрафон, чыталі ўзнёслыя вершы, расказвалі пра сваіх цудоўных дзетак, дзяліліся крылатым адчуваннем шчасця ад таго, што ўжо дачакаліся нараджэння любімых унукаў. Многія выступаючыя гаварылі пра дамінуючую ролю жанчыны-маці ў грамадстве, пра ўвагу да яе з боку дзяржавы, мясцовых органаў улады.

Пра тое, як шмат у раёне зроблена і робіцца для ўмацавання статусу мацярынства, належнага выхавання  дзяцей у паўнацэнных сем’ях, як вырашаюцца розныя праблемы, з якімі сёння сутыкаюцца сем’і, і пра іншыя аспекты будзённай работы распавяла ў сваім выступленні на святочным мерапрыемстве старшыня раённага савета жанчын Зоя Мікалаеўна Дубіна. На рахунку гэтай грамадскай арганізацыі нямала добрых пачынанняў і плённых спраў, ды і будучае звязана з рознымі цікавымі задумамі і планамі.

На свяце прысутнічала нямала жанчын, якія ўжо досыць вядомыя ў раёне, дзякуючы свайму бясспрэчнаму службоваму аўтарытэту, прафесіяналізму. Іх цікава было паслухаць кожнаму, хто быў запрошаны на кастрычніцкую ўрачыстасць. Сярод такіх – кіраўнік аддзялення “Белаграпрамбанк” Таццяна Фёдараўна Ціганіна, галоўны ўрач райбальніцы Марыя Іосіфаўна Пыжык, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву “Гасцінец” Лізавета Станіславаўна Пятроўская, старшыня асацыяцыі шматдзетных маці Наталля Фадзееўна Жылевіч з Валожына і інш.

Шаноўныя госці свята, вядома ж, шматдзетныя маці. Былі ў зале і гераіні многіх замалёвак, аўтарамі якіх сталі карэспандэнты нашай раённай газеты. Былі і маці-гераіні, пра якіх нам абавязкова яшчэ трэба напісаць шчыры, эмацыянальны нарыс. Я маю на ўвазе перш за ўсё Галіну Браніславаўну Сяўрук – былога жывёлавода з ААТ “Суднікаўскі”. Яна засталася ўдавой у маладым узросце, выгадавала і вывела ў вялікае жыццё восем добрых, разумных і ўдзячных дзетак.

Сэрца сапраўднай жанчыны – гэта крыніца, дзе струменяць невычэрпная дабрыня, увага і спачуванне да цяжкага лёсу чужых дзяцей. І прыкладам гэтага можа служыць светлае памкненне калектыву валожынскага аддзялення “Белаграпрамбанка”. Ён у далёкім мінулым вырашыў добраахвотна ўзяць шэфства над дзяўчынкай-сіратой, якая засталася без маці. Штогод банкаўскія работнікі па пяць разоў збіралі ўласныя грошы, каб перадаць іх сваёй падапечнай, якую тады выхоўвалі бабуля з дзядулем. А пазней гэтыя дабрачынцы паклапаціліся пра працаўладкаванне сваёй апякункі ў калектыў, які даўно стаў родным для гэтай дзяўчыны з Валожына.

…Не магла схаваць вялікага хвалявання і дырэктар Івянецкага дома-інтэрната Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч, калі расказвала пра сваіх выхаванцаў, якім лёс паслаў няпростыя выпрабаванні. Калектыў установы робіць усё для таго, каб у гэтых дзетак было светлае адчуванне, што яны знаходзяцца ў сценах роднага дома, што ім тут камфортна, надзейна і спакойна.

На сустрэчы закраналіся і праблемы, якія трывожнымі хвалямі імчаць па моры нашага жыцця: курэнне жанчын рэпрадукцыйнага ўзросту, легалізаваныя аборты, п’янства ў многіх сем’ях, асацыяльныя паводзіны некаторых асоб.

Жаночая інтуіцыя, чулае сэрца маці тонка адчувае і можа беспамылкова падказаць, што менавіта трэба зрабіць найперш у сям’і, у школе, у грамадстве, каб менш стала негатыўных праяў і абуральных фактаў.

Пра вечныя хрысціянскія каштоўнасці пранізліва гаварыў на свяце шаноўны госць, протаіерэй айцец Дзмітрый Агіевіч. Жыць па Запаведзях Божых – гэта вялікі духоўны подзвіг для кожнага з нас, і асабліва для таго, хто сталеў і выхоўваўся ў пару ваяўнічага атэізму. Мы, безумоўна, павінны імкнуцца сваімі думкамі, справамі і ўчынкамі адпавядаць хрысціянскаму кодэксу маралі. Айцец Дзмітрый у канцы свайго эмацыянальнага выступлення звярнуўся да жанчын з такім настаўленнем: “Калі прыйдзеце сёння дадому, скажыце сваім дзецям, мужу наступныя словы: “Я  люблю вас усіх!”.

Простая, амаль будзённая  просьба прагучала з вуснаў валожынскага святара. Але які глыбінны сэнс і ўсёпераможную сілу тоіць гэта слова “люблю”! Бо нарадзілася яно ў Бога і святлом вялікай ласкі пралілося ў сэрца Маці, якая сімвалізуе сабой Жыццё і, вядома ж, Любоў. Любоў шчырую і бязмежную: ад зямлі да нябёсаў. І пад гэтым нябачным покрывам любові так надзейна і ўтульна кожнаму, чыя зорка лёсу гарыць у сусвеце…

Тэкст і фота Ірыны ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *