Зноў перамагла дружба

Общество

Цёплая сямейная атмасфера аб’яднала дзяцей, іх бацькоў і супрацоўнікаў ТЦСАН і ЦКРНіР падчас спартыўнага свята, што адбылося на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Між цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і адзяленнем дзённага наведвання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва даўно дзейнічае міжведамаснае пагадненне па пераходзе выхаванцаў з адной сацыяльнай установы ў другую. У яго рамках часта праходзяць сумесныя мерапрыемствы, у тым ліку з мэтай далучэння дзяцей і дарослых да здаровага ладу жыцця.

Спаборніцтвы, што арганізавала і правяла супрацоўнік ФАЦ Аксана Гладчанка, прынеслі радасць і задавальненне кожнаму з удзельнікаў, а сабралася іх у зале  каля 30 чалавек. Сваю актыўнасць мог праявіць кожны з улікам фізічных магчымасцей і здольнасцей. Перамога, як заўсёды, дасталася дружбе. Завяршылася ж спартыўна-сямейнае свята момантам узнагороджання. Медалі для яго выканалі падчас гуртковай работы выхаванцы аддзялення, а салодкія падарункі арганізавалі калектывы ТЦСАН і ЦКРНіР.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ