СОНЕЧНЫ ДОМ У ДАЎБЕНЯХ

Культура

У савецкія часы існавала добрая традыцыя: на дамах, дзе жылі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, зіхацелі чырвоныя зорачкі. А на тых, дзе выхоўваюць прыёмных дзяцей, варта было прымацоўваць жоўтае сонейка. Як яно, ласкавае, сагравае сваім цяплом усё жывое на зямлі, так у гэтых дамах атулілі бацькоўскім клопатам і мацярынскай ласкай многіх абяздоленых дзетак. Кожны здалёк бы бачыў: тут жывуць цудоўныя людзі, якія добраахвотна ўсклалі на сябе такую нялёгкую ношу.

 

Гаспадары дома № 22 у вёсцы Даўбені Валерый Іванавіч і Ірына Феліксаўна Каралі выхоўваюць чацвёра прыёмных дзяцей.

Валерый – тутэйшы мужчына, працавіты, сціплы, гаспадарлівы. Яго жонка прыйшла сюды замуж з суседняй Стаўбцоўшчыны. Дзіця пушчы – Ірына Брылевіч – у жыцці такая ж гаманлівая, такая ж шчодрая і такая ж прыветлівая, як і яе родны Налібоцкі край. Прырода надзяліла яе прывабнай знешнасцю, а бацькі выхавалі нераўнадушны характар, чуласць і спагаду.

Пяць гадоў назад сям’я ўзяла на выхаванне дзетак з Валожынскага прытулку. Для вяскоўцаў тады гэта было сенсацыяй. Як яны адважыліся – гэта ж столькі клопатаў і абавязкаў?! Мінуў год, другі, і ўсе звыкліся, што ў іх двары шматлюдна, чуюцца звонкія дзіцячыя галасы. Дзеткі дагледжаныя, ветлівыя, заўсёды акуратна і чыста апранутыя.

Мне як педагогу захацелася бліжэй пазнаёміцца з усімі жыхарамі гэтага дома. Дамовіўшыся па тэлефоне з гаспадыняй аб сустрэчы, я накіравалася ў другі канец вуліцы Цэнтральнай.

І вось я ўжо на месцы.

Дабротны дом глядзіць на вуліцу трыма вокнамі, якія проста зіхацяць беласнежнымі фіранкамі. Кідаецца ў вочы стракаты агародчык, у якім палымнеюць ружы, астры, вяргіні, чысценькі, абкошаны дворык з разнастайнымі кветкавымі кампазіцыямі. Гасцінна расчыніліся дзверы веранды, і гаспадар ветліва запрасіў у хату. У доме вельмі многа сонечнага святла. Гаспадыня сказала, што калі яна ўпершыню пераступіла гэты парог, яе таксама прыемна ўразілі гэта пранізлівае святло і нейкая асаблівая ўтульнасць. Такое ўдалае архітэктурнае рашэнне пры пабудове дома прадумаў калісьці дзядуля Валерыя –  ляснік Іван Кароль.

Я пацікавілася, адкуль Ірына родам, хто яе бацькі.

– Нарадзілася і вырасла на хутары Вайнілаўшчына Налібоцкага сельсавета – у сапраўдным пушчанскім тупіку (7 кіламетраў да бліжэйшай вёскі Кляцішча). Да вайны тут была вялікая вёска, але ў час нямецкай акупацыі яе два разы спалілі фашысты, і цяпер там знаходзіцца толькі некалькі хат. Бацька і маці – працаўнікі, шчыравалі і на калгасных палетках, і на дамашняй сядзібе.

– Ці вялікай была Ваша сям’я?

– Вялікай. У сям’і выхоўваліся дзевяць дзяцей: шэсць хлопчыкаў і тры дзяўчынкі. Я была сярэдняй і дапамагала маме клапаціцца пра сваіх меншых братоў і сясцёр. Цяпер у бацькоўскім доме жыве адна маці, ісці жыць да нас “у цывілізацыю” не хоча, кажа: “Пакуль магу, буду тут, на сваёй радзіме”.

– Мабыць, тое, што самі жылі ў вялікай сям’і, прывыклі пра некага клапаціцца, і падштурхнула Вас на такі смелы ўчынак, бо Вы, безумоўна, усведамлялі, якую бераце адказнасць на сябе, прымаючы ў хату чужых дзяцей?

– Можа быць, і так. Пражылі з мужам пяць гадоў. Сваіх дзетак Бог не паслаў. Жыццё цякло, а сэнсу яго не адчувалася. Трэба ж было некаму аддаваць сваю любоў і энергію. Дом вялікі, ды нейкі пусты, нечага ў ім не хапала. І я задумалася: а што, калі ўзяць на выхаванне дзетак з прытулку? Услых агучыць гэту сваю думку не адважвалася. Ініцыятыву праявіў муж. Яго сэрца заўсёды кранала тэлевізійная рэклама “Знайдзі мяне, мама!”. Аднойчы ён сказаў: “Давай возьмем на выхаванне дзяўчынку”. Я прызналася, што і сама ўжо пра гэта марыла, але мне хацелася хлопчыка. Пасля доўгіх ваганняў я накіравалася ў аддзел апекі і папячыцельства Валожынскага РАА.

Першым у нас пасяліўся Віктар Чарняўскі. Спачатку бралі яго толькі на выхадныя, а пасля афармлення неабходных дакументаў ён застаўся назаўсёды. Затым нам параілі ўзяць Таццяну з Вішнева. Прывялі ў пакой трох дзяўчынак, хто з іх Таня, мы не ведалі. І раптам адна падбегла да Валерыя, абхапіла яго за калені і голасна закрычала: “Татачка, гэта мой татачка!”. Прысутныя жанчыны плакалі, захваляваўся і мой муж. Вось так і з’явілася ў нас пяцігадовая Танечка Звярынская. У першы клас пайшла ўжо ад нас, зараз яна – пяцікласніца.

Хутка сям’ю папоўнілі Каця Чуманевіч, спакойная, разважлівая дзяўчынка, і Анжэла Тумель, якая пражыла ў нас два гады. Яе маці вярнулі бацькоўскія правы, і тая забрала Анжэлу да сябе.

А летась у дзетак з’явіўся новы брацік – пяцігадовы Максім Звярынскі (зараз наведвае дзіцячы садок).

– Яны ўсе называюць Вас мамай, а мужа – татам?

– Усе без выключэння.

– Ну а цяпер пазнаёмце мяне асабіста са сваімі выхаванцамі.

– Калі ласка, пройдзем у дзіцячыя пакоі. Самы светлы, сонечны пакой – дзявочы. Ён увесь патанае ў зелені шматлікіх пакаёвых кветак. Ірына адзначае, што ўсе вазоны – гэта клопат Віктара, ён даглядае іх з вялікай ахвотай і пяшчотай. У пярэднім, чырвоным куце – сапраўдны іканастас. Тут іконы, скульптурныя выявы святых, анёлаў, лампады, свечкі. У хлопчыкаў – асобны пакой. Засцеленыя ложкі, шафкі з дзіцячымі рэчамі на палічках: акуратна складзенае адзенне, цацкі, вышэй – школьныя прылады. У ванным пакоі – сем зубных шчотак. Усюды парадак, чысціня, утульнасць.

Знаёмлюся з дзецьмі. Таня, якая выконвала дамашняе заданне, радасна паведамляе, што сёння атрымала па гісторыі “10”, па матэматыцы – “8”. Віця свае заданні ўжо зрабіў і сабраўся ісці з бацькам перавязваць жарэбчыка. Максімкі яшчэ дома не было.

Ірына Феліксаўна заўважае, што ўсе дзеці ахвотна дапамагаюць па гаспадарцы: 2 разы ў тыдзень дасканала прыбіраюць у доме, даглядаюць кветнікі, агарод. Таня з ахвотай кулінарнічае, а Віктар – заўзяты канявод і “забеспячэнец” сям’і грыбамі і ягадамі. Сёлета ён усё лета прабыў у бабулі, назбіраў тры вядры брусніц.

У гэтым годзе ў вашай дамашняй “акадэміі” быў першы “выпуск”: паступіла вучыцца ў Маладзечанскі палітэхнічны каледж і паехала ад вас Каця. Як пераносіце разлуку?

– Мы адчуваем бацькоўскі гонар, што далі пуцёўку ў жыццё дзяўчыне. Я сама вазіла яе ў Маладзечна, уладкоўвала ў інтэрнат. Безумоўна, сумуем усе па ёй. Але яна ж тэлефануе кожны дзень, а на выхадныя прыязджае да нас.

– З боку мясцовай улады атрымліваеце дапамогу? Ільготы якія ёсць?

– Так, падтрымка адчувальная: зарплату атрымліваем, розныя сацыяльныя выплаты, прадугледжаныя заканадаўствам для мнагадзетных сем’яў, падручнікі і харчаванне ў школе – бясплатныя, выдзяляюцца пуцёўкі ў санаторыі для аздараўлення дзетак, пасылаюць іх за мяжу на адпачынак. Дзякуй нашай дзяржаве за значную матэрыяльную падтрымку ў выхаванні дзяцей. Хочам таксама сардэчна падзякаваць начальніку аддзела апекі і папячыцельства Ларысе Валяр’янаўне Кулак – гэтай мудрай жанчыне – за маральную падтрымку, за дапамогу ў вырашэнні розных праблемных пытанняў.

– Як вам у статусе прыёмных бацькоў? Не пашкадавалі аб сваім аднойчы прынятым рашэнні?

– Ні ў якім разе. Гэта быў наш агульны з мужам выбар. Нашы дзеці – гэта наша жыццё: мэтанакіраванае, асэнсаванае, напоўненае канкрэтным зместам. Мы з Валерыем прыкіпелі да дзетак і душой і сэрцам. І другога жыцця ўжо і не ўяўляем.

Вось так і жывуць у шматлікіх паўсядзённых клопатах гэтыя сціплыя, простыя людзі – Ірына і Валерый Каралі, робячы такую высакародную справу, гадуюць і выхоўваюць прыёмных дзяцей. Пажадаем жа дабра і ладу гэтай мнагадзетнай сям’і, Божага благаславення ўсім жыхарам гэтага сонечнага дома.

Вера ВЯРШЫЦКАЯ,

в. Даўбені.

 



Добавить комментарий