У КАРАГОДЗЕ АКВАРЭЛЬНЫХ ФАНТАЗІЙ

Официально

Багаты веер творчых здольнасцей можна “раскінуць” у аддзяленні выяўленчага мастацтва Валожынскай музычнай школы.

Палітра для самавыражэння тут яркая і разнастайная, палёт фантазіі неабмежаваны.

Юныя мастакі асвойваюць лепку з салёнага цеста, чаруюць над выцінанкамі, шаўковымі стужкамі вышываюць пано, займаюцца фларыстыкай, імправізуюць у стылі “тэра” (кампазіцыі выконваюцца ў калажнай тэхніцы). Кіраўнік выяўленчай студыі Вольга Мікалаеўна Прыёмка для сваіх падапечных арганізоўвае пленэры. Нездарма на VI Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка Каця Арцюкевіч і Насця Рагель адзначаны Падзякамі за творчае адлюстраванне краявідаў роднай зямлі.

Атрымаць дакумент аб заканчэнні школы юных мастакоў можна толькі праз пяць гадоў карпатлівай працы. Азы скульптуры, малюнка, жывапісу, кампазіцыі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва асвойваюць зараз 36 вучняў ад сямі да шаснаццаці гадоў.

Як і ў кожнай школе, за вынік сваёй працы юныя мастакі атрымліваюць адзнакі ў журнал. Каця Буйлова, Каця Навіцкая, Міша Мядзінскі вызначаюцца асаблівым стараннем.

Дзіцячая  непасрэднасць, тонкае ўспрыманне навакольнага асяроддзя, а галоўнае – любоў да таго, што малюеш, напаўняюць іх работы асаблівым унутраным святлом.

 



Добавить комментарий