Змяненні ў закон аб СМІ дадуць магчымасць ліквідаваць прабелы і вузкія месцы — Пярцоў

Важное

Змяненні ў закон аб СМІ дадуць магчымасць ліквідаваць прабелы і вузкія месцы. Аб гэтым заявіў у эфіры тэлеканала АНТ міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, паведамляе БЕЛТА.

«Галоўная мэта — ліквідаваць тыя прабелы, недапрацоўкі, вузкія месцы, якія былі ў законе аб СМІ ў асноўнай рэдакцыі. СМІ мяняюцца, гэта дынамічны працэс і заканадаўства не можа быць статычным. Мяняюцца падыходы, асяроддзі распаўсюджвання медыя, СМІ становяцца іншымі. Тыя людзі, якія карысталіся вузкімі месцамі для ажыццяўлення сваіх не зусім прыстойных мэт, пад маскай журналіста спрабавалі займацца ў тым ліку дэструктыўнай, падрыўной, нават тэрарыстычнай дзейнасцю, цяпер атрымалі менш магчымасцей рабіць гэта. Для СМІ, якія працуюць па канонах, што адпавядаюць сусветным канвенцыям, нічога, па вялікім рахунку, не мяняецца», — адзначыў Уладзімір Пярцоў.

Паводле яго слоў, згодна з новай рэдакцыяй закона, усе замежныя СМІ будуць працаваць па адзіных правілах. «Але самае галоўнае, што мы хочам данесці да нашых чытачоў, гледачоў, карыстальнікаў і слухачоў, — няма ніякіх незалежных СМІ. Медыя, якія не залежаць ад дзяржавы — Рэспублікі Беларусь, залежаць ад іншых дзяржаў. Яны фарміруюць сваю інфармацыйную палітыку за грошы і пад указанні тых, хто не хоча зрабіць нашай краіне лепш. Гэта самая галоўная сацыяльная ілюзія, якая была разбурана за мінулыя паўгода. І мы як орган дзяржкіравання павінны прывесці ў адпаведнасць з нашым заканадаўствам дзейнасць так званых незалежных, па сутнасці замежных сродкаў масавай інфармацыі, сродкаў уплыву на розум, вочы і вушы беларускіх грамадзян», — падкрэсліў міністр.

Уладзімір Пярцоў таксама пракаменціраваў падпісаны Прэзідэнтам закон, якім уносяцца змяненні ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Так, уводзіцца забарона на асвятленне ў рэжыме рэальнага часу масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з парушэннем устаноўленага парадку, у мэтах іх папулярызацыі або прапаганды. Гэта забарона распаўсюджваецца ў тым ліку на журналістаў СМІ.

«У законе гаворыцца аб асвятленні менавіта несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у рэжыме рэальнага часу. Гэта таксама жыццё прымусіла. Вы ведаеце, што пры дапамозе такіх, кажучы журналісцкай мовай, стрымаў можна заклікаць, рэкламаваць, папулярызаваць, а таксама каардынаваць пратэсны натоўп. Увогуле займацца незаконнай дзейнасцю, прыкрываючыся абліччам журналіста. Такім чынам, стрымы незаконных масавых мерапрыемстваў весці нельга, але асвятляць у цэлым журналісту ніхто не забараняе», — растлумачыў ён.