Перагаворы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы доўжыліся больш за 5 гадзін

Важное Главное Официально

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота прэс-службы Прэзідэнта РФ — БЕЛТА

Перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў Сочы доўжыліся 5 гадзін 15 хвілін. Такія даныя прыводзіць Telegram-канал «Пул Першага», паведамляе БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Сочы сёння ў другой палавіне дня пасля сустрэчы ў Мінску з удзельнікамі пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД.

У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін традыцыйна абмяняліся заявамі, прывітаўшы адзін аднаго, адзначыўшы рост супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў розных сферах і выказаўшы надзею на замацаванне станоўчых трэндаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы праінфармаваў свайго калегу аб сітуацыі вакол інцыдэнту з самалётам Ryanair. Ён выказаў упэўненасць, што ўдасца пераадолець выклікі, якія ўзніклі.

На нейкім этапе перагавораў лідары краін вырашылі іх прадоўжыць за рабочай вячэрай. «Нашы крыніцы паведамляюць: рабочая вячэра Лукашэнкі і Пуціна прадаўжаецца — у гэтыя хвіліны прэзідэнты п’юць чай. Увогуле размова доўжыцца ўжо дзве з паловай гадзіны…», — гаворыцца ў інфармацыі «Пула Першага», апублікаванай у палове дзявятага вечара.

Выступаючы 26 мая ў парламенце, кіраўнік беларускай дзяржавы абазначыў перагаворны парадак дня: у цэнтры ўвагі будуць эканоміка, рэалізацыя сумесных праектаў у розных сферах, а таксама рэагаванне на знешні націск і санкцыйную палітыку.

Са спасылкай на прэс-службу беларускага лідара паведамлялася, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін таксама планавалі абмеркаваць далейшыя крокі і работу ўрадаў дзвюх краін па развіцці інтэграцыі на пляцоўцы Саюзнай дзяржавы, звераць гадзіннікі па найбольш актуальных пытаннях на двухбаковым трэку супрацоўніцтва, абмяняюцца думкамі па міжнароднай тэматыцы.