ТЫ ІГРАЙ, МОЙ САКСАФОН…

Культура

Моцны гук, непаўторнай выразнасці і прыгажосці тэмбр запаланілі невялічкі клас Валожынскай музычнай школы.

Дзевяцігадовая Яна Прыёмка найграла па маёй просьбе “Жураўлёў” Ігара Лучанка. Гэта кампазіцыя і твор Дж. Гершвіна “Пляскай у такт” дапамаглі дзяўчынцы заняць першае месца на рэгіянальным, а затым трэцяе на абласным конкурсах выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах.

Вялікія віртуозныя магчымасці саксафона дазваляюць выхаванцам музычнай школы іграць не толькі аркестравыя партыі, але і эстрадныя п’есы. Трэці год вучобы адкрыў перад Янай шматгранны свет джаза. Дзяўчынка ўжо робіць першыя крокі ў асваенні музыкі, народжанай у амерыканскіх кварталах чарнаскурых…

Яне любоў да музыкі прывіў тата, які сам калісьці скончыў музычную школу. А вось саксафон – удалую вынаходку бельгійскага майстра Сакса, купіў і падарыў любімай унучцы дзядуля. Маці Я. Прыёмкі марыць аб паступленні дачкі ў музычнае вучылішча. Аднак сама Яна будуе зусім іншыя планы: вырашыла стаць архітэктарам. Нездарма яе любімыя школьныя ўрокі – матэматыка і “Чалавек і свет”. Якую б прафесію не абрала юная саксафаністка, у любым выпадку парасткі яе працавітасці дадуць глыбокія карані. Бо творчасць узбагачае юную натуру духоўна і эстэтычна.

 



Добавить комментарий