Не тлець, а гарэць!

Общество

Такую ўстаноўку дала старшыня Валожынскай раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Фёдараўна ЦІГАНІНА актывістам ветэранскага руху.

На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне грамадскага аб’яднання, на якое былі запрошаны старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый. На сёння іх налічваецца адзінаццаць: дзевяць дзейнічаюць пры сельвыканкамах, а зусім нядаўна створаны дзве новыя пярвічкі – у раённым камбінаце бытавога абслугоўвання і аддзяленні Белаграпрамбанка.

У нейкай ступені гэта было больш цеснае знаёмства новага старшыні арганізацыі са свамі памочнікамі ў раёне. Мэта сустрэчы – актывізацыя работы пярвічак, перад якімі кіраўнік паставіла шмат задач. Першая і асноўная – ушанаванне ветэранаў працы.

“Безумоўна, наш галоўны клопат – увага і памяць пра ветэранаў вайны, вязняў канцлагераў, інвалідаў дзяцінства, што пацярпелі падчас ваенных дзеянняў, – адзначыла Таццяна Фёдараўна. – Іх, на жаль, на Валожыншчыне засталося зусім мала. Таму большую актыўнасць і паважлівасць трэба праявіць да тых, хто аднаўляў разбураную народную гаспадарку пасля ліхалецця, не шкадаваў сябе, працаваў ад душы і добрасумленна, аддаючы сябе краіне. Таму варта па сумленні да іх і аднесціся. Яны – залаты фонд нацыі і не павінны быць забытыя”.

Па словах ветэранскага лідара, рэаліі сённяшняга дня такія, што арганізацыі скарачаюцца і рэарганізоўваюцца, а некаторых і следу ўжо няма. І людзі, якія адпрацавалі па 30-40 гадоў, застаюцца закінутыя. Добра, калі ёсць сем’і, дзеці, унукі, ёсць каму паклапаціцца, а бывае, даводзіцца век дажываць аднаму – на самоце з болем і ўспамінамі. Таму старшыням пярвічак неабходна аднавіць у сельвыканкамах спісы колішніх працаўнікоў гаспадаркі ці прадпрыемства, каб у будучым павіншаваць іх з юбілейным днём нараджэння. Дзеля гэтага не патрэбны вялікія сродкі – дастаткова завітаць у хату, выпіць разам кубачак чаю і проста пагутарыць. Для пажылога чалавека такая ўвага каштуе даражэй за падарунак, бо душа і сэрца ёсць у кожнага, і яна жывая.

Таксама ў планах ветэранскай арганізацыі – павелічэнне колькасці пярвічак, конкурс ветэранскіх фарміраванняў, арганізацыя паездак і экскурсій, валанцёрскі рух, клопат пра закінутыя магілы ахвяр фашызму. А ў самы бліжэйшы час да 80-й гадавіны з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны плануецца наладзіць вялікую сустрэчу ў раённым Цэнтры культуры з дзецьмі вайны – тымі, хто нарадзіўся ў 1941-1945 гадах, бо гэтыя людзі не мелі дзяцінства, ім таксама трэба аддаць даніну павагі.

Напрыканцы Т. Ф. Ціганіна заклікала свой актыў ажывіць работу, даць іскрынку. “Давайце будзем не тлець, а гарэць!” – падкрэсліла яна.

Як адзначылі прысутныя, сустрэча надала ім імпульс для дзеяння – наперадзе кожнага чакае вялікі пласт работы: планы акрэслены, задачы пастаўлены, застаецца ажыццяўляць. Як адзначыў старшыня Дорскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі Валерый Фёдаравіч Селівон: “Застаўся пад уражаннем. Узяў для сябе на заметку, што трэба пачынаць працаваць. Заданні моцныя, пытанняў шмат, але ўсё залежыць ад нас”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара