Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

У маі загадчыкам Валожынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета прызначана Аксана Антонаўна Ціхановіч.

Ураджэнка нашага раёна ў 1993 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. Першым рабочым месцам маладога спецыяліста стала гімназія № 1 г. Валожына, дзе яна працавала з 1993 па 2004 гады спачатку настаўніцай роднай мовы і літаратуры, затым куратарам і выхавальнікам гімназічных класаў. З 2004 па 2007 гады працавала спачатку метадыстам, а пасля загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама. На некаторы час Аксана Антонаўна змяніла род дзейнасці: перайшла ў банкаўскую сферу, затым – у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І вось адбылося вяртанне. Новая пасада для А. А. Ціхановіч далёка не новая. Але многае і змянілася за час адсутнасці, так што адначасова давядзецца і самой вучыцца. Жадаем поспехаў у рабоце!

У рамках патрыятычнага праекта “Зямляк. Разведчык. Герой” супрацоўнікі краязнаўчага музея распрацавалі буклет, прысвечаны нашаму слыннаму земляку, Герою Расіі, – “Легендарны разведчык – Аляксей Бацян”.

Пакуль буклет існуе толькі ў электронным варыянце, але неўзабаве будзе і ў папяровым. Ён складаецца з некалькіх раздзелаў, у якіх расказваецца пра мірнае даваеннае жыццё героя, яго подзвігі ў гады вайны і пра пасляваенны лёс Аляксея Мікалаевіча, змешчаны фотаздымкі. У далейшым плануецца распрацаваць турыстычны маршрут на радзіму А. М. Бацяна – у вёску Чартавічы.

Назіраецца відавочнае змяншэнне жадаючых атрымаць сямейны капітал. Радзей маладыя сем’і рашаюцца на нараджэнне трэцяга дзіцяці. А, магчыма, гэта часовае зацішша?!

За апошні месяц права на налічэнне сямейнага капіталу атрымала жыхарка Валожына Вольга Леанідаўна Пракопчык пасля нараджэння двойні.

У рамках месячніка Чырвонага Крыжа раённая арганізацыя Таварыства правяла дабрачынную акцыю “Про100 дапамагаем”.

У мінулы чацвер старшыня раённай арганізацыі Антаніна Трацэўская разам з валанцёрамі традыцыйна ладзілі збор ахвяраванняў на Валожынскім кірмашы. У выніку сабралі 33 рублі, 33 адзінкі новых рэчаў і 26 пар абутку. Трэба адзначыць, што ёсць прадпрымальнікі, якія кожны год аказваюць дапамогу і шчодра перадаюць рэчы. Як правіла, гэта адны і тыя ж людзі: Людміла Фёдараўна Скляповіч, Святлана Віктараўна Сульжыцкая, Ала Мікалаеўна Пракапенка, Тамара Уладзіміраўна Горбач. Руку дапамогі працягваюць далёка не ўсе іх калегі. У акцыі прыняла ўдзел і пакупнік Святлана Іванаўна Гардынец.

26 і 30 мая па 50 вучняў пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 райцэнтра пабывалі ў Мінску на прадстаўленні маскоўскага цырка Юрыя Нікуліна. Малодшых школьнікаў чакала таксама аглядавая экскурсія па сталіцы нашай краіны.

Наведвальнікі цэнтральнай раённай аптэкі падчас чакання лекаў і запрашэння да касы маюць магчымасць знаёміцца з відэаролікамі на актуальныя тэмы.

Самая актуальная з іх у нашы дні, безумоўна, COVID. Свае ролікі прапануе таксама раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Большая колькасць іх відэапрадукцыі тычыцца бяспекі дзяцей у розных жыццёвых сітуацыях. Кліенты пакідаюць аптэку з пэўнай колькасцю новай інфармацыі.

Аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запусціла пілотны праект “Тваё інтэлектуальнае здароўе” на базе Вішнеўскай сярэдняй школы.

Менавіта гэта ўстанова выбрана ў якасці творчай пляцоўкі. На першым занятку з людзьмі 60+ працавала псіхолаг Галіна Васільеўна Волкава. У той дзень таксама для іх і мнагадзетных сем’яў была праведзена дабрачынная акцыя “Рабіць дабро лёгка!”.

Прэзідэнт Міжнароднага Саюза Рускамоўных Пісьменнікаў Ірына Карабейнікава прызначыла кіраўніком Прадстаўніцтва МСРП у Беларусі нашу зямлячку, члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК, бібліятэкара сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Людмілу Садоўскую.

У каманду Л. Садоўскай аўтаматычна ўвайшлі ўсе беларускія паэты і празаікі, якія былі ў дадзеным Саюзе. Зараз яна невялікая – 10 чалавек, у тым ліку трое нашых рунеўцаў – акрамя Л. Садоўскай, Наталля Жызнеўская і Марыя Мучынская. У далейшым плануецца ладзіць на пляцоўцы Расіі свае конкурсы. Першы з іх – зрабіць пераклад беларускага верша на рускую мову, а беларусы будуць у журы. Увогуле, творчых задумак дастаткова.