Свята прыгажосці

Культура Общество Ступені поспеху

Прыгажуня Валожынскага раёна Карына КУРУШКА.

Абласны конкурс “Міс Міншчына-2021”, які праходзіў у рамках акцыі “Прыгажуні Міншчыны – багацце краіны!”, завяршыўся ў мінулую пятніцу ў Барысаве ў Палацы культуры імя М. Горкага.

У ім прынялі ўдзел 40 лепшых дзяўчат вобласці ад 18 да 24 гадоў, якія раней прайшлі адбор у сваіх рэгіёнах. Гэта навучэнкі каледжаў, студэнткі вышэйшых навучальных устаноў, спецыялісты творчых прафесій і рабочая моладзь. Валожынскі раён прадстаўляла пераможца раённага этапу конкурсу Карына Курушка – педагог па вакале цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Дэфіле ў кактэйльных сукенках

Першым у праграме прайшло дэфіле ў кактэйльных сукенках. Самыя абаяльныя і прывабныя прадстаўніцы Міншчыны паўсталі перад вачамі гледачоў у сапраўды выдатных строях, што яшчэ больш падкрэслівалі іх выключнасць і прыгажосць. Пад шчырыя апладысменты гледачоў прыгажуні ўпэўнена рухаліся па сцэне. Было бачна: усе ўдзельніцы адказна падрыхтаваліся да конкурсу, сур’ёзна прапрацавалі свае вобразы.

Далей адбыўся самы гарачы момант мерапрыемства – дэфіле ў купальніках. Шквал эмоцый выклікала дэфіле ў стылізаваных народных касцюмах. Кожны ўбор выглядаў вельмі эфектна і самабытна. Усе дзяўчаты стараліся выкарыстаць шанц паказаць сябе публіцы і журы. Яны змагаліся за галоўны прыз – карону і тытул “Міс Міншчына”.

Прадстаўніца Валожынскага раёна падчас дэфіле ў купальніках.
Карына КУРУШКА прадстаўляе свой народны касцюм.
Дэфіле ў стылізаваных народных касцюмах.

 

Дэфіле ў вячэрніх сукенках.

У выніку ў фінал выйшлі 15 прыгажунь. На жаль, прадстаўніца Валожыншчыны не трапіла ў іх лік. Тут канкурсантак чакалі бліц-апытанне, дзе неабходна было праявіць рытарычнае майстэрства, уменне весці гутарку, а таксама самае відовішчнае дэфіле ў вячэрніх сукенках. Лёгкай паходкай на высокіх абцасах упэўнена рухаліся па сцэне ўдзельніцы ў цудоўных, шыкоўных уборах. У святле сафітаў ад іх нельга было адвесці вачэй. Дзяўчаты ішлі наперад да сваёй мары, да перамогі…

    На гэтай прыгожай ноце завяршылася конкурсная праграма. Падчас яе гледачам неабходна было зрабіць выбар і вызначыць, хто з 40 прэтэндэнтак атрымае тытул “Міс глядацкіх сімпатый”. Найбольшую колькасць галасоў у сваю падтрымку набрала Аліна Буяліч з Салігорскага раёна, што і прынесла ёй перамогу.

Узнагароджанне «Міс глядацкіх сімпатый».
Пераможцы конкурсу.

Перад журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Мінаблвыканкама, Барысаўскага райвыканкама, Нацыянальнай школы прыгажосці, вядомыя дзеячы культуры і мастацтва і інш., стаяла няпростая задача – вызначыць лепшых з лепшых. Ацэньвалася ўменне канкурсантак трымацца на сцэне, адказваць на пытанні, дэталёва разглядалася кожнае партфоліа. Падвёў вынікі мерапрыемства кіраўнік судзейскай калегіі – намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч. Ён падзякаваў канкурсанткам, адзначыў, што ўсе дзяўчаты цудоўныя, унікальныя, яны дастойна выступілі, і кожная змагла б прадставіць нашу краіну на міжнародным узроўні.

Першай віцэ-міс стала Яна Грыневіч з Лагойскага раёна, другой віцэ-міс – Лізавета Абрамкіна са Смалявіцкага раёна. “Міс фота” прызналі Вікторыю Дзяшковіч з Любанскага раёна. Галоўны тытул “Міс Міншчына” дастаўся прыгажуні з Маладзечанскага раёна Дзіяне Кулік.

Конкурсная праграма суправаджалася канцэртнымі і творчымі нумарамі. На сцэне Барысаўскага Палаца культуры выступілі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алёна Ланская, арт-група “Беларусы”, група “Лас Вегас”, узорны харэаграфічны ансамбль “Дарунак”, узорная цыркавая студыя “Летуценнікі”, Ягор Кан, Яўген Лучын, Ксенія Ржэуцкая, Сяргей Мурашка і Мікіта Камадэй.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара