КУРЫЦЬ У ЛОЖКУ НЕБЯСПЕЧНА

Закон и порядок

З 10 кастрычніка да 11 лістапада раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях аб’яўлены месячнік пажарнай бяспекі па прадухіленню гібелі і траўматызму людзей на пажарах.

У гэты перыяд работнікамі РАНС будзе надавацца асаблівая ўвага домаўладанням адзінокіх састарэлых людзей, інвалідаў, шматдзетных сем’яў, а таксама асоб, якія злоўжываюць алкагольнымі напіткамі. Грамадзяне апошняй катэгорыі часцей за іншых становяцца ахвярамі вогненнай стыхіі. Шырокая растлумачальная работа на сельскіх сходах, масавыя мерапрыемствы з удзелам членаў раённага аддзялення беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, актыўная работа спецыяльных камісій сельвыканкамаў, пазаштатныя пажарныя інспектары – усё гэта накіравана на прадухіленне пажараў у жылым сектары і на аб’ектах гаспадарання, гібелі людзей у агні.

Сёлета за 9 месяцаў у раёне адбыліся 32 пажары, у агні загінуў 1 чалавек, за аналагічны перыяд мінулага года зафіксавана 36 пажараў, загінула 8 чалавек. Асноўнай іх прычынай па-ранейшаму застаецца курэнне ў ложку ў нецвярозым стане. Выпадак, які нядаўна здарыўся ў вёсцы Татарскія Залескага сельсавета, яскравае таму пацвярджэнне. Гаспадар дома любіў выпіць, а пасля атрымання чарговай пенсіі суседзі некалькі дзён бачылі яго ў нецвярозым стане. Любіў ён і пакурыць, пра гэта сведчаць знойдзеныя ў час абследавання жылля блокі цыгарэт. Пасля чарговага застолля ў доме ўзнік пажар. Зноў спрацаваў добра вядомы алгарытм “Выпіў – закурыў – заснуў – загінуў”.

Алег СКАДОРВА,
начальнік раённага аддзела

па надзвычайных сітуацыях.

 



Добавить комментарий