НАСУСТРАЧ ДЗЕЦЯМ: выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната пазнаёміліся з работай выканаўчай улады, пабывалі на займальнай экскурсіі і павесяліліся на раённым фэсце

Главное Молодежный курьер Общество

Сёлетні Міжнародны дзень абароны дзяцей для сямі выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната прайшоў у нязвыклым фармаце. Пачаць хаця б з таго, што кіраўнік Валожыншчыны і яго намеснікі запрасілі пазнаёміцца з работай органаў улады знутры і наладзілі для іх у райвыканкаме своеасаблівы дзень адчыненых дзвярэй. Адгукнуліся дзеці з вялікай цікавасцю: такая прапанова прагучала ўпершыню.

Алену Лысенка, Андрэя Клока, Надзею Міцэвіч, Андрэя Кавалёва, Настассю Радзюк, Андрэя Суботніка і Настассю Куляшову старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Круковіч сустрэў у сваім кабінеце. Юныя наведвальнікі даведаліся шмат новага пра тое, якія задачы сёння стаяць перад уладай і як іх вырашаюць, пазнаёміліся з усімі аспектамі рабочага дня кіраўніка раённай вертыкалі, адкрыта і шчыра пагутарылі на хвалюючыя тэмы. Не менш цікавымі і змястоўнымі атрымаліся размовы з намеснікамі старшыні, кіраўніком спраў райвыканкама. Напрыканцы сустрэчы выхаванцы дома-інтэрната атрымалі падарункі – і паспяшаліся вярнуць дабро, у адказ падарыўшы сувеніры, зробленыя ўласнымі рукамі.

 

 

Затым івянчан чакала займальная экскурсія па нашым горадзе і яго славутасцях, знаёмства з дзейнасцю турыстычнага інфармацыйнага і рэкрэацыйнага цэнтра, што на вуліцы Набярэжнай райцэнтра. А ўдалым завяршэннем насычанага дня стаў удзел у раённым мерапрыемстве, наладжаным з нагоды Дня абароны дзяцей.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА