СВЯТА ДЗЯЦІНСТВА

Общество

1 чэрвеня на адкрытай пляцоўцы фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Валожыне адбылося раённае свята, прысвечанае Дню абароны дзяцей.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай улады. Старшыня райвыканкама Яўген Круковіч ва ўрачыстай, святочнай абстаноўцы пад бурныя апладысменты прысутных уручыў ордэн Маці маме пецярых дзяцей Святлане Шукала, пажадаў ёй дабра, міру і сямейнага дабрабыту.

У рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта “Мой край, мой лес – мая Айчына” адбыўся пленэр юных мастакоў “Натхненыя Бацькаўшчынай”, удзельнікі якога атрымалі маляўнічыя дыпломы і падарункі. Летнімі фарбамі расквецілі асфальт дзіцячыя малюнкі конкурсу “Шчасце, сонца, сяброўства – вось што трэба дзецям”. Узнагароды пераможцам уручыла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Крыкала.

Ва ўсіх жадаючых была магчымасць упрыгожыць свае мілыя юныя тварыкі аквагрымам. Для маленькіх працавалі разнастайныя забаўляльныя атракцыёны.

Звонкія галасы артыстаў канцэртнай праграмы – навучэнцаў устаноў адукацыі напоўнілі сабой першы летні дзень, не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных.

   

 

Сапраўднай падзеяй і ўпрыгожваннем мерапрыемства стаў конкурс “Міні Міс-2021”, дзе маленькія прыгажуні спрачаліся за званне лепшай, чым выклікалі непадробнае захапленне з боку строгіх суддзяў. Дыпломы ў намінацыях удзельніцам уручыла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Багатырова.

Анжэла РАДЫНА

Фота аўтара