“Спадарожнік V” – наш спадарожнік

COVID-19

Сёння вакцынацыя ад каранавіруснай інфекцыі – адна з найбольш важных задач, што стаяць перад установамі аховы здароўя раёна. Хоць за апошні час зрабіць прышчэпку вакцынай “Спадарожнік V” ужо пажадалі многія з тых, хто добра ацэньвае ўсе рызыкі жыцця без яе, работа з насельніцтвам працягваецца і з кожным днём набірае тэмпы.

Калі яшчэ нядаўна перад працэдурным кабінетам пасля 11.00 (час, пасля якога пачынаецца работа па вакцынацыі) было нешматлюдна, то зараз жадаючых прышчапіцца пабольшала. Таму медыкі кожны раз нагадваюць: прыходзіць неабходна ў масцы і абавязкова вытрымліваць дыстанцыю.  Большасці з нас, асабліва працуючым грамадзянам, хацелася б, каб працэдура аднімала менш часу  (з улікам таго, што патрэбна пабываць на прыёме тэрапеўта,  дачакацца размарозкі вакцыны і як мінімум паўгадзіны пасля прышчэпкі знаходзіцца пад наглядам медработніка). Таму самы аптымальны варыянт – калі працоўныя калектывы праходзяць вакцынацыю  на працоўным месцы. Так ужо паступілі супрацоўнікі райвыканкама, воінскай часці, лясгаса, ліцэя. Паверце, гэта вельмі зручна! Не трэба прыходзіць у паліклініку – медыцынскія карты тых, хто пазначаны ў заяўцы, папярэдне перагледзіць урач  (з мэтай выяўлення пацыентаў з супрацьпаказаннямі). Непасрэдна перад прышчэпкай у вас толькі памераюць артэрыяльны ціск і тэмпературу, паслухаюць лёгкія. Давядзецца таксама адказаць на некалькі пытанняў і падпісаць згоду.

Каб вывесці вакцынацыю на належны ўзровень і дасягнуць паказчыка 60% (менавіта пры гэтай лічбе можна спадзявацца на той самы калектыўны імунітэт, які стане для нас усіх выратаваннем), медработнікі актывізуюць асветніцкую работу. Штодня супрацоўнікі аддзела эпідэміялогіі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі накіроўваюцца ў розныя куткі раёна, каб данесці людзям неабходную інфармацыю. Сустрэчы адбыліся ў райвыканкаме, жылкамунгасе, ліцэі, аддзяленні пошты і інш.

Нядаўна на агітацыйную лекцыю запрасілі калектыў камбіната бытавога абслугоўвання. З работнікамі прадпрыемства сустрэлася памочнік урача-паразітолага Уладзіслава Дацэнка. Пасля таго, як спецыяліст адказала на пытанні (адно з асноўных – ускладненні пасля прышчэпкі), многія работнікі выказалі жаданне далучыцца да ліку тых, хто аддае перавагу папераджальным дзеянням, а не трывожнаму чаканню сустрэчы з COVID-19.

Як паведамілі ў райпаліклініцы, прышчэпку можна зрабіць і ў перасоўным медыцынскім комплексе, які будзе працаваць падчас правядзення масавых мерапрыемстваў. Першымі пацыентамі, што апрабавалі паслугу, сталі наведвальнікі рынку і грамадзяне, што завіталі на свята, прысвечанае Дню абароны дзяцей.

Загадчык аддзялення для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Валер’еўна КАВЯЗА:

– З’яўляюся апантанай прыхільніцай прышчэпак. І грунтую сваю пазіцыю не на эмоцыях ці сцвярджэннях кшталту “веру-не веру”.  Яшчэ ў пачатку пандэміі засела за вывучэнне праблемы. Вакцыну чакала і доўгі час адчувала расчараванне, што шырокая вакцынацыя пастаянна адкладвалася. У мяне і маіх калег вельмі спецыфічная работа. Мы кантактуем з пажылымі людзьмі, а гэта абавязвае кожнага з нас быць максімальна асцярожным. Я нават паводзіны ўласнага арганізма падчас сустрэчы з вірусам прадбычыць не магу, а што гаварыць пра тых, хто па ўзросце – мае матулі.  Наша аддзяленне наведваюць больш за 50 людзей даволі паважанага ўзросту. Як старанна мы іх ахоўваем, як ганарымся іх адэкватным стаўленнем да праблемы! У мяне асабіста і ў многіх нашых супрацоўнікаў асаблівых разважанняў наконт таго, рабіць прышчэпку ці не, нават не было. Пасля першай ін’екцыі на гадзіны дзве падымалася тэмпература, аднак нічога не балела, а пасля другой – увогуле нічога не заўважыла. Многія мае падапечныя таксама вакцынаваліся і не шкадуюць пра гэта. За прышчэпкі і любімая свякроў – адна з самых адукаваных жанчын Валожыншчыны,  былы рэдактар “Працоўнай славы” Софія Ігнацьеўна Кавяза.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара