Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

За пяць месяцаў бягучага года Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання аказаў бытавых паслуг прыкладна на 270 тысяч рублёў. Асноўную частку выручкі складаюць, безумоўна, заказы на пашыў рознага спецадзення.

Працягваецца плённае супрацоўніцтва са “Слодычам”. На чэрвень менавіта ад гэтага прадпрыемства атрыманы самы вялікі заказ. Фабрыка адкрывае свой філіял у Івянцы, і нашым бытавікам даверылі пашыць рабочае адзенне для ўсяго персаналу. 25 камплектаў спецадзення і 50 ручнікоў адправілі 1 чэрвеня “Водаканалу”, будуць адшываць другую частку заказу. Таксама працуюць над камплектамі адзення для валожынскіх камунальшчыкаў. Раённы камбінат бытавога абслугоўвання ўзяў крэдыт для набыцця сыравіны і цяпер выконвае індывідуальныя заказы на пашыў камуфляжных касцюмаў, пасцельнай бялізны, коўдраў, камізэлек і куртак рознага колеру. Дадзеная прадукцыя карыстаецца вялікім попытам і паспяхова рэалізуецца таксама праз сельскія комплексныя прыёмныя пункты. Адзін з самых запатрабаваных відаў паслуг: чыстка пёравых падушак. Карыстаюцца гэтай паслугай не толькі гараджане, але і вяскоўцы. Спецыяльная машына ўстаноўлена ў Доме быту.

Івянецкі музей традыцыйнай культуры арганізаваў квэст “Івянец – горад майстроў”. Першымі ў гульні прынялі ўдзел вучні чацвёртых класаў мясцовай сярэдняй школы, пасля – вучні 9-х і 11-х класаў мінскай гімназіі № 2. Так незвычайна гэтыя класы адзначылі свята апошняга званка.

Падчас экскурсій па залах музея і сядзібна-паркавым комплексе на вуліцы Прамысловай, выконваючы заданні, удзельнікі знаходзілі патрэбныя літары, з якіх потым склалася слова “Івянец”. Яно ж напісана на прыгожым пано, якое вырабіў Юрый Чараповіч. У майстэрнях школьнікі атрымлівалі керамічны збаночак, цацку-свістульку, ляльку-анёлка, падкову і драўляны лісточак. Усім сувенірам знайшлося месца на пано, якое дасталася ў якасці прыза. Падчас гульні ўсе ўдзельнікі атрымалі шмат каштоўнай інфармацыі пра сам пасёлак, рамёствы, якімі ён славіцца, з цікавасцю назіралі за тым, як з-пад рук майстроў выходзілі прыгожыя вырабы. Для мінскіх гасцей на тэрыторыі музея была арганізавана дыскатэка.

Вучні 4 “Б” класа сярэдняй школы № 1 райцэнтра разам з першай настаўніцай Святланай Георгіеўнай Косік 30 мая пабывалі ў Мінску, дзе вельмі незвычайна адзначылі развітанне з пачатковай школай.

 Праграма ў той дзень была надзвычай насычаная. Спачатку – спектакль “Брэменскія музыкі” ў Музычным тэатры, потым – музей Вялікай Айчыннай вайны. Пабывалі ля Стэлы “Мінск – горад-герой”. Сапраўдным выліваннем эмоцый стала гадзіна, праведзеная ў боўлінг-цэнтры.

 28-30 мая прайшоў “Веламарафон-2021” па Налібоцкай пушчы, арганізаваны Федэрацыяй прыгодніцкіх гонак.

 У марафоне прымалі ўдзел больш за 2000 чалавек, якія пераадольвалі дыстанцыі 42, 100 і 200 кіламетраў з перашкодамі (пераадольваць даводзілася меліярацыйныя каналы, спецыяльна створаныя масточкі і інш.). Старт і фініш удзельнікаў адбываўся ва ўрочышчы “Сутокі”.

Па дамоўленасці з адміністрацыяй ДЮСШ у Міжнародны дзень абароны дзяцей 5 наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра, валанцёр з Івянца Уладзіслаў Рэут і дзве матулі змаглі бясплатна наведаць басейн.

Вялікую партыю карысных мюсляў атрымала раённае таварыства інвалідаў. Пратэінавае харчаванне перадала дабрачынная арганізацыя “Адра-Беларусь”. Праўленне арганізацыі на сваім пасяджэнні прыняло рашэнне падзяліцца лішкамі прадукцыі з насельніцтвам раёна.

Частка грузу перададзена сацыяльнай службе, падапечным сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Ракаўскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату, Івянецкаму дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Таксама ў таварыстве маюцца для сваіх членаў інвалідныя каляскі, хадункі, мыліцы, кожны тыдзень абнаўляецца гуманітарная дапамога ў выглядзе адзення і абутку.

Поспех “Жаронцаў” Тэатральны калектыў “Жаронцы” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці прыняў удзел у I Міжнародным нацыянальным творчым праекце “Саламяны цуд”, накіраваным на далучэнне маладога пакалення да мастацтва і беларускай культуры.

На конкурсе ракаўчане прадставілі лялечную пастаноўку беларускай народнай казкі ў рэдакцыі Паўла Місько “Сама рабка, на галаве чырвоная шапка”. У выніку калектыў атрымаў Дыплом лаўрэата l ступені ў намінацыі “Тэатральная творчасць”, а кіраўнік Хрысціна Лямбовіч – Падзяку за асабісты ўклад у развіццё творчага патэнцыялу і маральна-эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення.

З гэтай жа пастаноўкай калектыў выступіў на ІІ Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі, што праходзіў на базе аднаго з падраздзяленняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Анжэла РАДЫНА