Івянецкая “Вандроўка”

Культура

Узорны тэатр лялек “Вандроўка” Івянецкага Дома культуры нядаўна прыняў удзел у ХІІІ фестывалі дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, які традыцыйна праходзіў на базе Любанскага раённага цэнтра культуры, куды з’ехаліся 17 дзіцячых і маладзёжных калектываў з Мінскай вобласці.

Юныя тэатралы з Івянца дастойна прадставілі Валожынскі раён. Рабяты паказалі міні-спектакль “Не жартуй з агнём!” і атрымалі Дыплом “За спробу творчага эксперыменту”. Іх спектакль прадстаўляе сабой пазнавальную гісторыю пра тое, як Бабуля Яга з-за неадукаванасці ў правілах пажарнай бяспекі губляе сваю хатку на курыных ножках. Для таго, каб тую вярнуць, казачны персанаж пад кіраўніцтвам мядзведзя і дамавічка Кузі вывучае правілы і ўдзельнічае ў выратавальнай аперацыі. Падчас дзеі акцёры вядуць актыўную работу з гледачамі: задаюць пытанні, праводзяць гульні.

Наогул “Вандроўка” пад кіраўніцтвам Таццяны Задрэйка і Бажэны Нюшковай дзейнічае ўжо шмат гадоў. Тут займаюцца школьнікі Івянецкай сярэдняй школы ад 10 да 15 гадоў. Непасрэдна ў спектаклі, што паказалі на конкурсе, задзейнічаны 6 чалавек. Большасць лялек выкананы сіламі работнікаў Дома культуры.

Анжэла РАДЫНА