Каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць

2021 - Год народнага адзінства Молодежный курьер

Алена СТЭЛЬМАХ,вучаніца 11 класа СШ № 2 г. Валожына

Ярослава все внуки и Всеслава!

Склоните стяги свои,

Вложите в ножны свои мечи

                            поврежденные,

Ибо лишились вы славы дедов.

Слово о полку Игореве

Так, напэўна, мог бы сказаць аўтар твора, звяртаючыся да некаторых нашых сучаснікаў. Ён, без сумнення, быў патрыётам – сэрцам успрымаў беды роднай зямлі, якую раздзіралі княжацкія міжусобіцы. У далёкіх 1185-1187 гадах некалі моцная старажытнаруская дзяржава з цэнтрам у Кіеве распалася на мноства маленькіх дзяржаў, бо іх князі імкнуліся на “залаты трон” вялікага кіеўскага князя. Атрымаць гэту веліч некаторыя разлічвалі з дапамогай ворагаў рускай зямлі – полаўцаў, якія, наадварот, аб’ядноўваліся для нападу на Русь. Таму і плакалі рускія жонкі, і прасілі Бога дапамагчы іх мужам, праклінаючы міжусобіцы, умаляючы князей аб тым, каб аб’ядналіся ў барацьбе з ворагам.

Чытаючы радкі “Слова…”, я горача спачувала князю Ігару, яго брату Усеваладу, уяўляла, як хвалявалася дружына князя, убачыўшы зацьменне сонца, як стагналі дрэвы, крычалі птушкі… Яны аб’ядналіся, а вось людзі… Доўга давялося змагацца рускім багатырам за цяперашнія Сібір, Крым, Аляску.

А вялікі Савецкі Саюз? Толькі дзякуючы адзінству савецкіх салдат быў знішчаны страшны фашысцкі захоп гордай і незалежнай краіны. Бо няма ў свеце сілы, здольнай зламаць вялікі народ, які верыць у сваю справядлівасць. Гінулі тысячамі грузіны, беларусы, рускія і ўкраінцы ў адным акопе, з адной думкай і марай на вуснах – за свабоду роднай зямлі, за шчасце тых, хто застанецца жыць. Вялікая справа – адно агульнае жаданне ўсіх народаў.

Ды і потым, пасля вайны, жыццё было агульным і мэты былі адзінымі: пабудаваць магутную дзяржаву шчаслівых людзей з прыгожымі гарадамі і вёскамі, дружнымі сем’ямі, у якіх растуць граматныя і таленавітыя дзеці. І ўзводзіліся шматпавярховыя дамы, будаваліся гідраэлектрастанцыі, імкнуліся да зорак касмічныя караблі, а ўпраўлялі гэтымі караблямі, кіравалі будоўлямі выдатныя дзеці не князёў, а простых савецкіх грамадзян. І зноў раз’яднанне – распад Савецкага Саюза.

Цяпер мы жывём у значна меншай па памерах краіне, але таксама гордай, свабодалюбівай і працавітай, мы – вялікі народ, разумны і доблесны. Наша адзіная каштоўнасць – кавалачак зямлі ў цэнтры Еўропы, які ўпрыгожваем, добраўпарадкоўваем і аб якім клапоцімся. Жывём сваім розумам, ствараем каштоўнасці сваімі рукамі, таму што беларуская нацыя разумная, талерантная, імкнецца ў будучыню. Таму што ў нашай дзяржаве клапоцяцца пра нас, дзяцей, напэўна, так, як ні ў адной дзяржаве. Ідучы ў школу, з гонарам назіраю, як на жоўтых школьных аўтобусах едуць з вёсак вучні нашай школы. Прыемна зайсці ў школьную сталовую і паназіраць, як прыгожа накрываюцца сталы для абедаў, ці паслухаць вясёлы гоман рабят, што купаюцца ў басейне фізкультурна-аздараўленчага комплексу. І гэты клопат трэба цаніць: старацца добра вучыцца, уносіць пасільны ўклад у будучыню Радзімы. Яна чакае ад нас адкрыццяў у розных галінах навукі, медыцыны, мастацтва.

Можа падацца, што я спрабую гаварыць агульнымі фразамі, аднак не кожнаму дадзена здзейсніць вялікі подзвіг, вялікае адкрыццё. Так, не кожнаму… Але і быць харошай матуляй, харошым спецыялістам у абранай прафесіі, проста захаваць сваю сям’ю, упрыгожыць свой прысядзібны ўчастак – таксама своеасаблівы чалавечы подзвіг. Можа быць, не навуковае адкрыццё, а незвычайную смачную страву прыдумаеш ты і, дзякуючы гэтаму, увойдзеш у гісторыю кулінарных шэдэўраў свету? А, можа, проста пасадзіш дрэва на краі вёскі ці дапаможаш бабулі, якая жыве адна і пастаянна хварэе, – зробіш яе хоць крышачку шчаслівай? Усё, што можна ацаніць словам “хораша”, і ёсць твой уклад у стварэнне будучага нашай краіны. Якой будзе Беларусь у далейшым? Што прынясе ёй Год народнага адзінства? Перш за ўсё мы, беларусы, павінны зразумець, што гэты кавалачак зямлі – наша маленькая планета, якая дыхае роўна і спакойна, калі так дыхае яе народ.

Сучасная Беларусь – гэта арганізм, адзінае цэлае, якому неабходна даць сілы ісці наперад разам, з усім светам, з усёй Еўропай. Трэба не плакаць, што мы маленькая краіна, а трымацца горда. Трэба захоўваць свае інтэлектуальныя дасягненні і прымнажаць іх, даказваць іншым народам, што мы здольныя на многае, што любім сваю зямлю, яе лясы і азёры, гарады і вёскі, людзей. І галоўнае – не быць злымі, не перакладваць свае слабасці на іншых, не слухаць тых, хто спрабуе пасеяць у нас нянавісць. Гэта пачуццё ніколі нікога не зрабіла шчаслівым. Сілы для стварэння, творчасці з’яўляюцца толькі ў добрай, сяброўскай атмасферы. Геніяльныя думкі прыходзяць толькі тады, калі чалавек адчувае сябе чалавекам, калі хоча “людзьмі звацца”, калі ведае, што ў яго і яго сям’і ёсць будучыня. А будучыня – у нашым адзінстве, таму што адзіны народ непераможны.