Чым не выпускнікі?

Молодежный курьер Общество

Калі ў канцы навучальнага года мы гаворым слова “выпуснік”, то часцей маем на ўвазе 9- і 11-класнікаў. Але не трэба забываць, што ў гэты ж перыяд праходзяць тэматычныя мерапрыемствы пад назвай “Выпуск у школу” ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Як паведамілі ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме, у дзіцячых садах раёна ў бягучым годзе 359 выпускнікоў. Хоць выхаванцы старэйшых груп на працягу лета звычайна працягваюць наведваць фізкультурна-аздараўленчыя і мастацка-эстэтычныя заняткі, усё ж літаральна праз тры месяцы яны стануць школьнікамі. Ці ж не нагода для ўрачыстасці?

На мінулым тыдні святочна ўбраныя выхаванцы цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці “Расінка”, іх педагогі і бацькі ладзілі сапраўдны баль. Яшчэ да яго пачатку ў аб’ектыў нашай камеры трапілі Таццяна і Павел ЖЫЛЕВІЧЫ, а таксама Кацярына і Наталля ПАСЕКІ.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй па каранавірусе было прынята рашэнне абмежаваць колькасць прысутных на падобных мерапрыемствах. Таму прыгажунь-матуль і іх нашчадкаў, якія ў той вечар натхнёна чыталі вершы, спявалі, танцавалі ў музычнай зале ўстановы адукацыі,  дома за святочнымі сталамі чакалі астатнія члены іх дружных сем’яў – трохгадовы  Яўгеній з татам Іванам Жылевічам і двухгадовая Ксюша з татам Вадзімам Пасекам.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара