Крыштальная мелодыя плыла

Культура Молодежный курьер

Выпускнікі аддзялення выяўленчага мастацтва.

Па традыцыі ў канцы мая ў раённым Цэнтры культуры адбыўся справаздачны канцэрт Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў.

Юны скрыпач Стас ПРАТАСЕВІЧ.

Мерапрыемства распачаў калектыў, які з’яўляецца гонарам установы, – узорны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Уладзіміра Грука.

Гэта быў дзень, калі ў чарговы раз школа мастацтваў развітвалася са сваімі таленавітымі выпускнікамі. Са словамі віншаванняў да іх звярнуўся дырэктар установы Андрэй Язерскі. Ва ўрачыстай абстаноўцы пасведчанні аб заканчэнні школы з яго рук сёлета атрымалі 42 хлопчыкі і дзяўчынкі. Андрэй Валер’евіч заўважыў, што не многія з іх працягнуць навучанне ў музычных установах, але галоўнае, што ўсе яны навучыліся любіць і разумець сапраўднае мастацтва, а значыць, узбагаціліся духоўна.

Выступае старэйшая танцавальная група.

Навучальны год прайшоў плённа: дзеці паказалі сябе ў разнастайных школьных, раённых, гарадскіх і інш. мерапрыемствах. Падзякі за актыўны ўдзел у рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах выканальніцкага і мастацкага майстэрства падчас канцэрта атрымалі 18 чалавек. Граматамі за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у жыцці школы мастацтваў узнагароджаны 16 дзяцей.

Песню “Краіна дзяцінства” выконваюць Паліна МЯНЦЮК, Паліна МАКОЎСКАЯ і Ірына СТАСЯЛОВІЧ.

 

Саксафаністы Веньямін ЯСКУ, Яўгеній КРАСКОЎСКІ і Арсеній ГАСПАРЭВІЧ выконваюць п’есу “Бураціна”.

Далей прысутных чакалі цудоўныя творчыя нумары. Рабяты з энтузіязмам дэманстравалі свае ўменні. Бацькі з замілаваннем слухалі выступленні дзяцей, шчыра апладзіравалі кожнаму, хто выходзіў на сцэну. А рабяты пакаралі сэрцы прысутных ігрой на баяне, домры, цымбалах, гітары, фартэпіяна, скрыпцы, вакальнымі і танцавальнымі нумарамі. Нікога не пакінула раўнадушным выступленне трыа саксафаністаў Веньяміна Яску, Яўгенія Краскоўскага і Арсенія Гаспарэвіча, якія сталі лаўрэатамі I ступені інтэрнэт-праекта “Пакары вяршыню”.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара