Перакрыжаванні культуры

Культура Общество

У Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы пачаў працаваць Міжнародны выставачны праект Міжнароднага цэнтра Рэрыхаў “Пакт Рэрыха. Гісторыя і сучаснасць”.

Яго работу адкрыла дырэктар установы Марыя Шынгер. Яна адзначыла выдатную ролю сям’і Рэрыхаў у сусветнай культуры і выказала надзею на далейшае супрацоўніцтва.

Старшыня аддзялення Міжнароднага цэнтра Рэрыхаў у Рэспубліцы Беларусь расказаў пра Сцяг Свету як галоўны сімвал эвалюцыі.

Старшыня аддзялення Цэнтра Рэрыхаў  у Беларусі Георгій Шэсціракоў выказаў удзячнасць за супрацоўніцтва і коратка распавёў аб прасоўванні вышэйназванага праекта па краінах Еўропы, Амерыкі, Расіі і Беларусі. У нашай рэспубліцы гэта ўжо 31-я выстава, якую прынялі 28 гарадоў і пасёлкаў.

Экскурсію па выставе правёў паэт Вадзім Маркаў. Ён нагадаў пра тое, як у Мікалая Рэрыха зарадзілася ідэя абароны мастацкіх, навуковых устаноў і гістарычных помнікаў пасля падарожжа ў 1903-1904 г.г. па старажытных гарадах Расіі. У выніку з’явілася не толькі вялікая серыя карцін мастака, але і артыкулы, дзе ён адным з першых узняў пытанне аб велізарнай мастацкай каштоўнасці старажытнарускіх іканапісу і архітэктуры. Таксама Вадзім Юр’евіч звярнуў увагу прысутных на тую работу, што вядзе Міжнародны цэнтр Рэрыхаў па папулярызацыі ідэі аб неабходнасці абароны культуры. Гэтаму пытанню прысвечаны асобны раздзел выставы.

Музыканты-выкладчыкі Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Лаўрыновіч, Людміла Зінкіна, Алег Каранеўскі і Аксана Севярын прадставілі ўдзельнікам мерапрыемства невялікі канцэрт.

Затым у рамках праекта адбыўся круглы стол “Пакт Рэрыха. Свет праз Культуру”, які пачаў сваю працу з прагляду аднайменнага фільма, пасля чаго члены аддзялення прадставілі свае даклады па тэме. Дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая распавяла пра тое, як у свой час Мікалай Рэрых і Фердынанд Рушчыц разам вучыліся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, іх знаёмстве і зносінах. Таксама яна нагадала пра гістарычныя помнікі Валожынскага краю.

 

Напрыканцы мерапрыемства Георгій Шэсціракоў уручыў падзячныя лісты аддзялення в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганне Канановіч, дырэктару цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыі Шынгер і дырэктару Валожынскага краязнаўчага музея Наталлі Лоўчай за садзейнічанне і дапамогу ў арганізацыі і правядзенні міжнароднага выставачнага праекта Міжнароднага цэнтра Рэрыхаў.

Мікалай Канстанцінавіч Рэрых нарадзіўся 27 верасня 1874 года ў Санкт-Пецярбургу. Ён вядомы ўсяму свету як мастак, сцэнограф, пісьменнік, падарожнік, археолаг, грамадскі дзеяч, акадэмік Імператарскай (Расійскай) акадэміі мастацтваў. На працягу жыцця стварыў каля 7000 карцін, многія з якіх знаходзяцца ў вядомых галерэях свету, і каля 30 тамоў літаратурных работ, уключаючы дзве паэтычныя. З’яўляецца аўтарам ідэі і ініцыятарам Пакта Рэрыха, заснавальнікам міжнародных культурных рухаў “Свет праз культуру” і “Сцяг Свету”.

Наш кар.