ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021” гасцінна запрашае 11 і 12 чэрвеня

"Минщина, мы тобой гордимся!" 2021 - Год народнага адзінства Важное Общество

Юбілейны дваццаты Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” будзе радаваць жыхароў і гасцей горада насычанай святочнай праграмай 11 і 12 чэрвеня, мерапрыемствамі розных жанраў і накірункаў, цікавымі і захапляльнымі пляцоўкамі! 

11 чэрвеня:

Першы дзень пачнецца з падарожжа па старонках фестывальнай гісторыі, якое адбудзецца ў 10 гадзін у выставачным фае Палаца культуры падчас адкрыцця выставы “Фестываль. Духоўнасць. Культура”.

У 10.30 у канцэртнай зале Палаца культуры пачнецца Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. У 15 гадзін ён прадоўжыцца ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

У 12 гадзін Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” запросіць на спектакль “Казкі з куфэрка”.

Мінскі абласны  краязнаўчы  музей у 12.30 прывітае гасцей і жыхароў горада на персанальнай выставе “Спявак  культуры края” скульптара, уражэнца Мінскай вобласці, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Фінскага. 

У 15.00 у малой зале Палаца культуры разгорнецца душэўны і цікавы праект “Асоба эпохі” — творчая сустрэча з народнай артысткай Беларусі Анастасіяй Масквіной.

У 17 гадзін на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра пройдзе спектакль “На другі дзень сёмухі”.

Урачыстае адкрыццё ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі  “Маладзечна – 2021” традыцыйна пройдзе на сцэне летняга Амфітэатра ў 21.30.

Падчас канцэрта адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Жыхароў і гасцей горада чакае прэм’ера канцэрта “Талака”, прысвечанага творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і генія беларускай песні Ігара Паліводы, у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Завяршэннем першага святочнага дня стане яркі феерверк.

12 чэрвеня:

Другі дзень фестывалю пачнецца ў 10.30 з канцэрта акадэмічнай музыкі “У гонар беларускай музычнай будучыні” у канцэртнай зале Маладзечанскай ДШМ.

У 11 гадзін Мінскі абласны драматычны тэатр запросіць усіх аматараў тэатральнага мастацтва на спектакль “Проста Мяфа”.

Працягне насычаную праграму культурнага дня гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў ІX Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2021”, які пачнецца ў 11.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.

У 14.00 заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры ў аўтарскім праекце “Суразмоўцы” тэлеканала “Беларусь 3” (зала ўрачыстасцяў Палаца культуры).

Канцэртная зала музычнага каледжа імя М. К. Агінскага запросіць у 15 гадзін на творчы праект “Сімфанічная рапсодыя”.

Малая зала Палаца культуры ў 16.00 прапануе аматарам літаратурнага і музычнага мастацтва сустрэчу ў музычна-паэтычнай гасцёўні “Святло Радзімы. Радасць Перамогі” з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі, фіналістаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”.

У 17 гадзін у канцэртнай зале Палаца культуры пачнецца спектакль “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

21.30 — канцэрт-закрыццё ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021” у летнім Амфітэатры. Гледачы змогуць атрымаць асалоду ад юбілейнай канцэртнай праграмы “Маладзечна – насустрач шлягерам” з удзелам зорак беларускай эстрады, пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў.

13 чэрвеня:

18.00, Палац культуры — канцэрт «Прысвячэнне песняру» Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» (праграма прысвечана 80-годдзю заснавальніка ансамбля народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна)

 

Акрамя асноўных мерапрыемстваў фестывальная праграма прапануе гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята шэраг цікавых мерапрыемстваў:

  • Аўтарскі праект кампазітара Дзмітрыя Лыбіна “Гісторыя і сучаснасць. Музычныя інструменты розных эпох” (канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага – 11 чэрвеня, 13.00);
  • Канцэртная праграма “Музыка беларускіх кампазітараў” народнага духавога аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага (канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага – 11 чэрвеня, 16.00);
  • тэлеперадача “У аб’ектыве” з удзелам творчых асоб Беларусі (тэлепраграма “МКТБ” – 11 чэрвеня, 17.00);
  • канцэрт беларускай духоўнай музыкі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта “Музыка беларускіх кампазітараў – пакаленню XXI стагоддзя” ў выкананні харавога ансамбля “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў (Касцёл Святога Юзафа – 11 чэрвеня, 18.00) ;
  • новая канцэртная праграма ў выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны   артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг (Чысцінскі сельскі дом культуры – 12 чэрвеня, 17.00).

Напярэдадні фестывалю жыхары і госці Маладзечна змогуць прасачыць гісторыю культурнага мерапрыемства (з 1993 года), успомніць, як усё пачыналася. Уздоўж парка па вуліцы Вялікі Гасцінец будзе прадстаўлены арт-праект “Фестывальны шлях”,  дзе адлюстраваны яскравыя моманты і падзеі творчага фэсту. З мэтай папулярызацыі беларускага слова, знаёмства насельніцтва з роднай мовай, з паэзіяй паэтаў-класікаў і сучасных творцаў разгорнецца праект “Роднае слова”.

На працягу фестывальных дзён разгорнуць працу адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі, а таксама каля кінатэатра “Радзіма”.

Арганізатары абяцаюць незабыўныя ўражанні ўсім гасцям!