Дзеля захавання экалогіі

Кругозор Общество

Удзельнікі экскурсіі ля камня, што ўстаноўлены паблізу царквы ў вёсцы Кіявец.

5 чэрвеня адзначаўся міжнародны дзень аховы навакольнага асяроддзя

У сталіцы рэспублікі 3-5 чэрвеня праходзіла Міжнародная спецыялізаваная экалагічная выстава “Ecology Expo-2021” і XVI Рэспубліканскі экалагічны форум.

У  час выставы-форуму яго ўдзельнікамі прадстаўлены комплекс інавацыйных ідэй, вытворча-тэхналагічных дасягненняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў. У ліку прыярытэтаў – пераход на “зялёныя” тэхналогіі, падтрымка экалагічнай вытворчасці. Для раскрыцця асноўнай тэмы –  “Удзел грамадскасці ў прыняцці экалагічных рашэнняў” –  ладзілася работа ў розных фарматах (пленарныя пасяджэнні, тэматычныя секцыі, конкурсы і г. д.). На працягу трох дзён у разнапланавых мерапрыемствах прынялі ўдзел больш за 250 дэлегатаў і гасцей, уключаючы міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў прыродаахоўных службаў, органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі.

Інфармацыя пра крыніцу размешчана на стэндзе.

У мерапрыемствах дзелавой часткі маштабнай праграмы паўдзельнічаў начальнік раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Якутовіч.

За значны ўклад у справу аховы прыроды  і забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, дасягнутыя высокія паказчыкі па ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю ў галіне яму падчас падвядзення вынікаў работы за 2020 год абласнога камітэта і райінспекцый уручана Ганаровая грамата.

На форуме пабывала і дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Марыя Кушнір.   

Цячэ вадзіца ў крыніцы…

 Асноўная частка мерапрыемстваў прайшла ў Мінску. Аднак удзельнікі вялікай экалагічнай размовы не пакінулі без увагі Валожынскі раён. У рамках VI  Міжнароднага форуму “Крыніцы Беларусі” была наладжана экскурсія на добраўпарадкаваную Навінскую крыніцу, што бліз аднайменнай вёскі. Экскурсію правёў ураджэнец Валожыншчыны, вядомы краязнавец, вучоны-эксперт Уладзімір Капусцін, які грунтоўна і дакладна расказаў пра аб’ект, дзеля якога дэлегаты-навукоўцы здзейснілі паездку. Асноўныя пытанні, што прагучалі на экскурсіі, тычыліся  дэбіту крыніцы, землекарыстальніка, які нясе адказнасць за яе добраўпарадкаванне (Ракаўскае лясніцтва Валожынскага лясгаса), якасці вады. Закрануў Уладзімір Уладзіміравіч і тэму турызму, што паспяхова развіваецца ў нашым краі. Гасцей віталі таксама святар кіявецкай царквы айцец Аляксандр і галоўны спецыяліст райінспекцыі Хрысціна Косік.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ