Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Наш раён славіцца за межамі вобласці і рэспублікі сваімі аграсядзібамі, многія з якіх маюць адметны “твар”. Іх гаспадары імкнуцца вызначыцца не толькі добрымі ўмовамі для пражывання і выдатнай кухняй, але і знайсці прывабную для гасцей “іскрынку”.

На дадзены момант на Валожыншчыне налічваюцца 65 аграсядзіб. Некаторыя з іх адкрыліся ўжо сёлета. Гэта сядзібы “У лабуса” ў вёсцы Аўгустова, дзе гаспадыняй з’яўляецца Лілія Міхайлаўна Башаркевіч, “Вуглы” ў вёсцы з аднайменнай назвай (гаспадар Уладзімір Аляксеевіч Кастэнка), фальварак “Palunisa” ў вёсцы Лоск (Вольга Вячаславаўна Бабурына). Некаторыя сядзібы яшчэ не маюць нават афіцыйнай назвы: у вёсках Забор’е, Забалаць і Вялец (Ліпка), дзе гаспадараць Аляксей Уладзіміравіч Беразянчук, Марыя Львоўна Галабурда і Кірыл Алегавіч Галіцкі. Здаровая канкурэнцыя – залог поспеху, так што кожнаму давядзецца прыкласці шмат намаганняў, каб заваяваць сваё імя. Поспехаў вам, шаноўныя, у гэты няпросты час!

На мінулым тыдні, з 2 па 4 чэрвеня, у Валожынскім лясгасе праходзіла аўдытарская праверка дзейнасці на адпаведнасць патрабаванням Міжнароднай лясной сертыфікацыі (FSC).

Пацвярджаць міжнародную сертыфікацыю даводзіцца штогод. Сёлета ў лясгасе працавалі тры аўдытары.

У Міжнародны дзень абароны дзяцей у Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў у Мінску адбылася вялікая канцэртная праграма.

Прыехалі творчыя калектывы, якія прадстаўлялі нацыянальныя меншасці, што пражываюць у нашай рэспубліцы. Сярод іх быў і ансамбль польскай песні “Івянчанка” з Польскага дома ў Івянцы. Дадзены сюжэт, дарэчы, здымаў канал АНТ.

Каля 80 дзяцей з навакольных вёсак – Вайганы, Багданава, Рагулёўшчына, Подберазь і іншых – 2 чэрвеня сабраліся на тэрыторыі прыватнага дома-інтэрната для старых людзей “Сямейны прычал”. Па добрай традыцыі тут для іх ладзілі свята. А сама ўстанова абудзілася дзіцячымі галасамі.

З хлопчыкамі і дзяўчынкамі працаваў аніматар, іх навучылі майстраваць фігуркі з геліевых шароў. Жадаючыя малявалі на асфальце, гулялі ў гульні. А потым усе атрымалі салодкія падарункі і мяккія цацкі, канцтавары і сродкі гігіены ад фірмы “Фаберлік”. Спонсарскую дапамогу аказаў таксама дабрачынны фонд “Спірас” Аляксандра Ціхановіча.

У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі распрацавана некалькі міні-праектаў па сацыялізацыі падапечных да жыцця ў грамадстве. Згодна з праектам па супрацоўніцтве з краязнаўчым музеем, 12 чалавек – выхаванцы рознага ўзросту з бацькамі – наведалі музейную ўстанову.

Тэма экскурсіі – “Хто ў краі жыве, што ў краі расце”. Экскурсавод Н. У. Бобрык даступна і цікава расказала пра флору і фаўну Валожынскага краю. Распрацавана тэматыка наведванняў да канца бягучага года.

У выдавецтве “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” ўбачыла свет першая кніга вершаў члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Людмілы Садоўскай “Верь в себя”.

 У электронным варыянце кніга з’явілася ў 2019 годзе да залатога юбілею аўтара. У той жа год яна стала пераможцай конкурсу “Лепшая кніга года”: Дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Духоўнасць” Міжнароднага конкурсу “Сузор’е духоўнасці” ў Кіеве. Таксама зборнік атрымаў Дыплом творчага саюза пісьменнікаў Грузіі за высокае пісьменніцкае майстэрства ў 2019 годзе. Аднак у сувязі з пандэміяй і каранцінам кніга не была выдадзена ў Кіеве. Да 8 Сакавіка па ўзгадненні бакоў яна выдадзена сёлета ў фармаце 3D і, нарэшце, у папяровым варыянце.

У апошнія выхадныя мая 53 прадстаўнікі лясгаса – работнікі і члены іх сем’яў – наведалі музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”.

Прафкам цалкам аплаціў паездку сваім членам – па 49 рублёў, прадстаўнікам сем’яў – палову кошту. Гэта была першая арганізаваная паездка сёлета. Людзі ссумаваліся па сумесным адпачынку. З задавальненнем знаёміліся з экспазіцыяй комплексу і строілі планы на далейшыя экскурсіі.

У мінулую пятніцу ў Івянецкім доме культуры выступаў саліст легендарнага ВІА “Песняры” Валерый Скаражонак з канцэртнай праграмай “Разам мы – сіла!”.

На канцэрце вядомага спевака прысутнічалі прадстаўнікі Івянецкіх СШ і дома-інтэрната, цэнтра дашкольнага развіцця, жыхары пасёлка і Валожына.