Не проста чалавек – чалавечышча!

Люди и судьбы

Імя Уладзіміра Іванавіча ГЛЯБОВІЧА – назаўсёды ў летапісе раёна.  Паважанага чалавека не стала ў  2015 годзе. Але многія цудоўна помняць яго як таленавітага кіраўніка, калегу, сябра, настаўніка, чалавека неверагоднай працавітасці, інтуіцыі і дабрыні.

Знаёмства

Асабіста я пазнаёмілася з Уладзімірам Іванавічам у 1998 годзе, калі прыйша на працу ў СШ № 2 у якасці намесніка дырэктара. Гучнае імя – Уладзімір Глябовіч – чула і раней. Вядома ж, дырэктар бадай самай магутнай па тым часе арганізацыі. За ім – вялікі дружны калектыў, дзе кожны працаўнік задаволены зарплатай (і гэта ў вельмі няпросты для краіны час!).

У большасці яго падначаленых дзеці вучыліся ў нашай школе. Між установай адукацыі і прамысловым прадпрыемствам дзейнічала пагадненне аб супрацоўніцтве. Сапраўдная вялікая справа, глыбока прадуманая і адмыслова спланаваная. Ладзіліся мерапрыемствы фізкультурнага, прафілактычнага, патрыятычнага, забаўляльнага характару,  працоўныя акцыі. Удзельнікі: педагогі, дзеці, працаўнікі РАПТ і… сам У. І. Глябовіч. Поўным ходам вялася праф-арыентацыя. Старшакласнікі ведалі: на прадпрыемстве іх чакаюць. Бацькі аператыўна інфармаваліся адносна поспехаў дзяцей, тыя ж мелі дакладную інфармацыю пра працоўныя заслугі матуль і татаў.

Уладзімір Іванавіч часта выступаў на бацькоўскіх сходах, сустрэчах выпускнікоў, яго запрашалі і на лакальныя класныя мерапрыемствы. Заўсёды даступны, адкрыты, ён знаходзіў час на ўсё і ніколі не адмаўляўся падзяліцца з моладдзю ўласнымі думкамі. Мне ж, маладому арганізатару, была прыемнай яго ўвага. Аднойчы падчас гутаркі сам-насам ён даў мне некалькі слушных парад, якія прыняла ўсім сэрцам, а словы: “Паважай чалавека, у сабе – у першую чаргу” не забываю ні на хвіліну.

Нет, ребята, я не гордый…

Добра помню адно з мерапрыемстваў, падчас якога з вучнямі старэйшых класаў сустракаліся вядомыя выпускнікі. Уладзімір Іванавіч пачаў выступленне радкамі з паэмы Аляксандра Твардоўскага: “Нет, ребята, я не гордый…” (апантана любіў гэты твор, ведаў яго на памяць). Мы, прысутныя ў зале педагогі, ацанілі крэатыўны ход. Нашы ж выхаванцы хутчэй за ўсё чакалі ад госця штосьці накшталт: “Дарагія дзеці, зараз я раскажу вам, як трэба жыць…”, таму прыйшлі ў захапленне. Задавалі мноства пытанняў, з цікавасцю выслухоўвалі трапныя, бязмежна добразычлівыя, часам смешныя адказы і доўга не адпускалі цікавага суразмоўцу сваімі шчырымі апладысментамі. Пасля той сустрэчы бадай самы вядомы радок з Твардоўскага стаў для нашх дзяцей крылатым. Яго ўжывалі падчас урокаў, перапынкаў ці ў школьнай сталовай у самых розных сэнсах…

Дарэчы, герой расійскага паэта, адмаўляючыся ад ордэна, згаджаўся на медаль. Вось і наш зямляк, акрамя шматлікіх грамат, меў медаль “За працоўныя заслугі”. Асаблівы ж гонар у яго выклікала Грамата “За высакародную працу ў гонар Святой Царквы”, атрыманая з рук самога Мітрапаліта Філарэта.

У “палоне”

Што я ведаю пра гэтага чалавека? Тое, што нарадзіўся ў Валожыне ў сялянскай сям’і ў 1941 годзе. Дзіця вайны… Ён часта звяртаўся да аднаго выпадку, які амаль не помніў, але ведаў пра яго са слоў маці. Я ж пачула гісторыю ад яго родных.

Падчас акупацыі ў доме Глябовічаў жыў нямецкі афіцэр, што ўмеў гаварыць па-руску. Калі бачыў маленькага Валодзю, расказваў: дома, у Германіі, яго чакае сын. Немец часта браў хлопчыка на рукі, гуляў з ім, а аднойчы… ледзь не звёз. Проста забраў, сеў у машыну і паехаў. Бедная  маці бегла за імі аж да Бурмакаў. Ля самой вёскі прадстаўнік новага парадку перадумаў, аддаў дзіця. Што было ў думках фашыста, ці дакладна маці перадала той факт сыну, невядома. Тым не менш жанчына нацярпелася страху, а пасля ўсё жыццё баялася за сына. Ён жа часам жартаваў, быццам пабываў у палоне…

Пачатак

Выпускнік другой школы, ён праз усё жыццё пранёс любоў і ўдзячнасць да сваіх настаўнікаў. Заўсёды падкрэсліваў, як бясконца ганарыцца тым, што “розум  яму давалі” такія карыфеі педагагічнай справы, як Майсей Віткін, Наталля Навіцкая, Галіна Рудберг і іншыя. Не, Уладзімір Глябовіч не быў выдатнікам, не скончыў школу з медалём. Нават часта выдаваў анекдоты пра тое, якім “неслухам” рос. Аднойчы былы загадчык аддзела адукацыі Сяргей Міцэвіч, падняўшы старыя дакументы, нават абвінаваціў Глябовіча ў выдумках пра  школьныя двойкі. Родныя перасталі верыць аповедам пра іх, калі ўбачылі яго класныя журналы з вельмі прыстойнымі адзнакамі… Што гэта было – сціпласць ці жаданне пажартаваць, невядома. Аднак, калі хтосьці з падначаленых даваў яму ў рукі паперу, а там – памылка, бачыў яе адразу, а вінаватаму добра даставалася…

Куды пайшоў шукаць сябе працавіты, энергічны малады чалавек пасля атрымання школьнага атэстата? Токарам у Сельгастэхніку. Той, хто, з яго слоў, вучыўся так сабе, амаль адразу паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Спецыяльнасць выбраў інжынера-механіка. Хоць працаваць і вучыцца завочна было няпроста, даволі хутка пачаўся яго рух па кар’ернай лесвіцы. Спачатку прызначылі начальнікам ліцейнага цэха, затым – інжынерам па транспарце, пасля – інжынерам па кадрах, галоўным інжынерам. І нарэшце ў 1982 годзе стаў на чале раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”. Дарэчы, базай прадпрыемства можна смела называць Валожынскую МТС, якая ўзгадваецца ў партыйных дакументах яшчэ ў 1939 годзе.

Прадбачлівы валожынец   

Уладзімір Іванавіч меў талент прымаць нестандартныя рашэнні. Заняўшы дырэктарскую пасаду, у адрозненне ад папярэднікаў у першую чаргу падумаў пра жыллё для сваіх работнікаў. Хоць не ўсе хвалілі яго за тыя рашэнні, ужо ў 1981 годзе здолеў увесці ў эксплуатацыю 35-кватэрны жылы дом, а ў 1983-м дзіцячы сад-яслі на 140 месцаў. Адначасова пашыраў вытворчасць. Гаспадарчым спосабам быў пабудаваны цэх па рамонце зернеўборачных камбайнаў, станцыя па абслугоўванні энерганасычаных трактароў, памяшканне для капітальнага рамонту трактароў Т-74, якія прыбывалі для рамонту ў Валожын  з усёй вобласці.

Паступова ў райаграпрамтэхніцы была створана магутная вытворчая база з некалькіх падраздзяленняў. Удалося наладзіць  і гандлёвы кірунак.  У эканамічна цяжкі для народнай гаспадаркі час, калі СССР аказаўся на мяжы развалу, няпроста было ўтрымаць на плаве такое шматпрофільнае прадпрыемства. Але прадбачлівы валожынец замахваецца не толькі на тое, каб не проста выжыць, а пашырае зону абслугоўвання. 23 чэрвеня 1988 года па вытворчым аб’яднанні “МТЗ” быў выдадзены загад № 211 “Аб арганізацыі вытворчасці пластмасавых вырабаў у Валожынскай райаграпрамтэхніцы”. Пазней дамовы аб супрацоўніцтве былі падпісаны з ВА “Вільма”, з Мінскім заводам “Тэрмапласт”. У 1991 годзе ў сувязі з пашырэннем вытворчасці пабудавалі новы цэх, а ў 1996 годзе кіраўніцтва раёна і райагрампрамтэхнікі дамовілася аб супрацоўніцтве з заводам “Атлант”. Гэты факт – асобная старонка ў гісторыі калектыву.

Уладзімір Іванавіч апантана служыў свайму прадпрыемству. Меў моцную каманду аднадумцаў (Павел Шчарбакоў, Леанід Глінскі, Аляксандр Саўчыц, Васіль Катовіч, Зінаіда Зянько і многія іншыя). Падтрымлівала яго і раённае начальства – Валянцін Малішэўскі, Іван Маркевіч, Сяргей Маляўскі, Леў Бяляўскі, іх калегі.

Уладзімір Іванавіч застаўся са сваім калектывам і пасля выхаду на заслужаны адпачынак, а затым нейкі час кіраваў будаўнічай арганізацыяй ПМК-188. І сёння ў райаграпрамтэхніцы, хоць там і паспела змяніцца значная колькасць кіраўнікоў,  добра помняць дырэктара Глябовіча. Не забываюць вядомага кіраўніка і тыя, хто называе сябе яго вучнямі.

Знакавая персона

У асабістым жыцці гэты чалавек заўсёды лічыўся адным з лепшых сем’янінаў. Сваю нарачоную сустрэў у 18 гадоў, а ўжо ў 19 ажаніўся. 55 гадоў муж і жонка гарманічна дапаўнялі адзін аднаго, разам гадавалі сына і дачку, радаваліся ўнукам, паспелі паняньчыць праўнука…

10 чэрвеня Уладзімір Іванавіч Глябовіч мог бы адзначыць 80-гадовы юбілей. Аднак яго няма з намі. Між іншым, мне, калі даводзіцца па журналісцкай рабоце сустракацца з валожынскімі аксакаламі – былымі кіраўнікамі і вядомымі спецыялістамі, амаль кожны раз шанцуе пачуць меркаванне наконт гэтай знакавай для раёна персоны. Хтосьці захапляецца яго ўменнем бачыць на некалькі хадоў наперд пры прыняцці важных рашэнняў; хтосьці дзеліцца ўспамінамі пра тое, як умеў сябраваць гэты чалавек, былыя падначаленыя бывае даюць яму такую характарыстыку: “Нібы родны бацька”. І даволі часта гучыць выраз: “Не проста чалавек – чалавечышча!”

Падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу я сустрэлася з дачкой юбіляра Таццянай Чэрнік. Сціплая жанчына была нешматслоўнай, аднак  звесткі, што давялося атрымаць ад яе, для мяне асабіста вельмі дарэчы дапоўнілі партрэт Уладзіміра Іванавіча. “Наш бацька шмат чытаў. Сярод любімых кніг значыліся творы Ісака Бабеля і Міхаіла Зошчанкі. Адным з самых дарагіх свят лічыў Дзень Перамогі (даніна павагі бацьку, нашаму дзеду – ветэрану). Нізавошта не змог бы выключыць тэлевізар, калі на экране дэманстраваўся фільм “Афіцэры”. Хоць сам з-за праблем з сэрцам і не здолеў атрымаць прафесію ваеннага, ганарыўся тым, што сын, мой брат Сяргей, стаў афіцэрам. Для сябе ж вырашыў: Радзіму абараняць можна не толькі са зброяй у руках, а аддана працуючы на сваім месцы”.

На фотаздымку, атрыманым ад Таццяны Уладзіміраўны, яе бацька зняты на пасецы, што таксама належала райаграпрамтэхніцы. Ён неаднаразова падкрэсліваў: “З  пчол, гэтых паласатых працаўніц, патрэбна браць прыклад кожнаму чалавеку, а тым, на каго ўскладзена адказнасць за  жыццядзейнасць вялікага калектыву, асабліва”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ