Лета сустракаем…

Молодежный курьер Общество

Кожны год у першы дзень лета адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэта не толькі радаснае свята для хлопчыкаў і дзяўчынак, але і напамін грамадству аб неабходнасці абараняць іх правы, рабіць усё для таго, каб яны раслі шчаслівымі, вучыліся, займаліся любімай справай і ў будучыні сталі годнымі грамадзянамі краіны.

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. п. Івянец ганарыцца выдатнай традыцыяй адзначаць вышэйназваную дату. Сёлета святочнае мерапрыемства адкрыла тэатралізаваная пастаноўка казкі “Кот, пятух і ліса”, галоўная мэта якой – выхоўваць такія маральныя каштоўнасці, як справядлівасць, чалавечнасць, спагадлівасць, уменне сябраваць. Аўтарам гэтай відовішчнай дзеі стала выхавацель Ірына Карабко.

Затым дзяцей чакала святочная праграма “Лета мы сустракаем”. Музычныя кіраўнікі Рэната Казакова і Марына Цяшкевіч стварылі для выхаванцаў эмацыянальна-спрыяльную атмасферу і радасны настрой, прапанавалі ім паспяваць знаемыя песні, патанцаваць і пагуляць у музычныя гульні. Рабяты падчас мерапрыемства праявілі вялікую актыўнасць.

 Педагог дадатковай адукацыі Уладзімір Скрыпка правёў на вуліцы пленэр “Натхнёныя Бацькаўшчынай”. Дзеці разам з дарослымі малявалі на асфальце і мальбертах мір, зямны шар, сімвал Міжнароднага дня абароны дзяцей – сцяг зялёнага колеру, што ўвасабляе сабой прымірэнне і спакой, у цэнтры яго размяшчаюцца знак зямлі і рознакаляровыя чалавечкі, якія сімвалізуюць адрозненне і адзінства ўсіх людзей на Зямлі.

Таццяна СКІБА,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці

дашкольнага цэнтра

развіцця дзіцяці г. п. Івянец