Яркае свята творчасці

Кругозор Культура

30 мая на мемарыяльным комплексе “Курган Славы” адбылося выставачнае мерапрыемства, прысвечанае Году народнага адзінства і 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У ім прынялі ўдзел цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна і Івянецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Валожынцы арганізавалі працу інтэрактыўнай пляцоўкі “Мы разам адна краіна”, дзе прадставілі бізнес-кампанію “Свята і настрой” па вытворчасці паштовак, закладак. Цікавасць выклікала інтэрактыўная праграма “SIMBAL.BY”: на загатоўках у выглядзе яблыка ўдзельнікі дамалёўвалі частку беларускага арнаменту. Таксама праводзіліся народныя гульні “Паясы”, “Кульбака” і “Мышка і кот”. Папулярнасцю карыстаўся майстар-клас “Карагод дружбы”. Яго ўдзельнікам прапаноўвалася вырабіць са шматкоў тканіны лялькі-абярэгі і замацаваць іх на абруч. Вынікам працы стаў карагод з лялек – сімвал сяброўства і адзінства. Усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца ў фотазоне “Мы разам – адна краіна”. Урачыстасці святу дадала магчымасць нанесці спецыялізаванымі фарбамі на твар аквагрым “Фарбы вясны”: васількі, рамонкі, сонейка.

Івянецкі цэнтр творчасці прыняў удзел з творчай гасцёўні “Беларускія традыцыі – наш скарб”. Увазе наведвальнікаў івянчане прапанавалі выставу работ навучэнцаў і педагогаў установы, дзе прадставілі тэкстыльныя лялькі, выцінанкі, карціны, вырабы ганчарнай і керамічнай вытворчасці. Таксама яны правялі майстар-класы па лепцы і роспісе па гліне.

Зарад бадзёрасці, пазітыву, добрага настрою атрымалі ўсе, хто завітаў у той дзень на “Курган Славы”. Выставачная экспазіцыя запомніцца ім як яркае свята дзіцячай і юнацкай творчасці.

Са сваімі праграмамі Валожынскі і Івянецкі цэнтры творчасці 1 чэрвеня завіталі на абласное свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей, што праходзіла ў Дзяржынску.