Пытанне ад афганцаў — на кантролі

Важное Официально

Асабісты прыём грамадзян і юрыдычных асоб правяла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Наталля ЯКУБІЦКАЯ.

З пытаннем да яе звярнуўся старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Рыгор Русакевіч. Ён патлумачыў, што ў свой час на прыёме ў губернатара, што быў прымеркаваны да Дня вываду войск з Афганістана, той даручыў усім прадстаўнікам раённых арганізацый вызначыць па аднаму чалавеку – ветэрану вайны ў Афганістане з інваліднасцю і аформіць адпаведныя дакументы для выдзяленне таму аўтамабіля ў асабістае карыстанне. Рыгор Мікалаевіч своечасова перадаў усё неабходнае, але да гэтага часу не ведае, якое рашэнне ў выніку было прынята.

Наталля Віктараўна ўважліва выслухала паважанага наведвальніка. Ёй цікава было даведацца, што ў Валожынскім раёне пражываюць 58 удзельнікаў вайны ў Афганістане, 2 з іх з’яўляюцца інвалідамі баявых дзеянняў, 5 – па агульных захворваннях. Прадстаўнік улады перадала ўсім ім словы прывітання і падзякі, а таксама паабяцала абмеркаваць узнятае на прыёме пытанне з Аляксандрам Турчыным і аб выніках паведаміць у раённы Савет дэпутатаў.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў заўважыла, што задаволена работай выканаўчай і прадстаўнічай улады раёна. Усе пытанні, асабліва якія тычацца забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, не застаюцца без іх увагі і хутка вырашаюцца.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара