Уладзімір ГУРЫНОВІЧ: «Правапарадак на прыватнай тэрыторыі можна забяспечваць самастойна»

Важное Официально

“Прамую тэлефонную лінію” і прыём грамадзян у Валожынскім сельвыканкаме правёў кіраўнік спраў Мінаблвыканкама Уладзімір ГУРЫНОВІЧ.

Да Уладзіміра Аляксандравіча з пытаннем звярнуўся дырэктар загараднага клуба “Фестывальны”, што ля Ракава. Ён вырашыў высветліць асобныя моманты арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Як вядома, турыстычны аб’ект, якім кіруе Генадзій Верамейчык, размешчаны на тэрыторыі былога піянерскага лагера. Зараз гэта цудоўнае, добраўпарадкаванае месца для сямейнага і карпаратыўнага адпачынку, заняткаў спортам. Як паведаміў Генадзій Цімафеевіч, да яго часта звяртаюцца калектывы розных арганізацый з просьбай арганізаваць адпачынак. Тэрыторыі хапае, забяспечана выкананне санітарных норм, пажарная бяспека, правапарадак, медыцынскае абслугоўванне, дзейнічаюць камеры відэаназірання. Многія заказчыкі маюць уласную службу бяспекі. Пытанне адказнага чалавека заключалася ў наступным: ці абавязаны ён, прымаючы на тэрыторыі свайго аб’екта гасцей, заключаць з РАУС, жылкамунгасам, службай “Хуткай дапамогі”, выратавальнікамі дагаворы на абслугоўванне мерапрыемстваў? Вось, напрыклад, на наступным тыдні ў “Фестывальным” мае намер адпачыць калектыў аднаго са сталічных банкаў. Аб правядзенні мерапрыемства ўжо праінфармаваны райвыканкам.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік, які прысутнічаў на прыёме, адзначыў, што ўзаемадзеянне кіраўніка клуба з мясцовымі ўладамі заўсёды пазітыўнае. 

Да абмеркавання далучылася і выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Канановіч. Яна звярнула ўвагу прысутных на Закон Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах, згодна з якім на любое масавае мерапрыемства неабходны дазвол райвыканкама. А вось ахову правапарадку на прыватнай тэрыторыі можна арганізоўваць самастойна. Такім чынам кіраўніку клуба патлумачылі, што ён мае права абслугоўваць заяўленае мерапрыемства ўласнымі сіламі. Аднак неабходна адказна ставіцца да сімволікі, што будзе задзейнічана. Яна павінна быць зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку.

У той жа дзень Уладзімір Гурыновіч сустрэўся з калектывам філіяла ДП “Мінаблпаліва”. Тут сталічны госць выступіў па тэме чарговага Дня інфармавання, які пройдзе ў рэспубліцы ў бліжэйшы чацвер. Сэнс яго выключна актуальны – прафілактыка кіберзлачынстваў у Беларусі. Работнікі арганізацыі з цікавасцю праслухалі выступленне Уладзіміра Аляксандравіча, які прывёў шматлікія прыклады таго, як з дапамогай высокіх тэхналогій нядобрасумленныя людзі займаюцца падманам з мэтай нажывы.

Падчас візіту У. А. Гурыновіч закрануў і стан спраў самой арганізацыі. Дырэктар Міхаіл Радына патлумачыў, што задача калектыву, які ён узначальвае, – забеспячэнне насельніцтва раёна цвёрдымі відамі паліва. Арганізацыя мае ўласны цэх па вытворчасці пялетаў з саломы. Таксама супрацоўнікі філіяла аказваюць паслугі па дастаўцы і перавозцы грузаў.  Сярэдняя зарплата за студзень-красавік тут склала 1126 рублёў. Арганізацыя паспяхова развіваецца, аднак маюцца і праблемы. Сярод асноўных – адсутнасць магчымасці задаволіць попыт насельніцтва на дровы ў поўным аб’ёме з-за недастатковага выдзялення драўніны Валожынскім лясгасам. Азначанае пытанне прадстаўнікамі ўлады ўзята на кантроль.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара