Служыць Радзіме прысягнулі

Важное Молодежный курьер Общество

У мінулую суботу ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл Беларусі прайшлі ўрачыстыя цырымоніі прыняцця прысягі новым папаўненнем.

Словы клятвы на вернасць Радзіме і свайму народу на пляцы воінскай часці 30695 вымавілі каля сотні навабранцаў. Павіншаваць вайскоўцаў у святочны дзень прыбыў начальнік галоўнага ўпраўлення – намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Руслан Касыгін.  У адрас юнакоў, што толькі-толькі атрымалі статус ваеннаслужачых тэрміновай службы, ці тых, хто будзе служыць па кантракце, прагучала віншаванне ад камандзіра Андрэя Калача.

Па традыцыі падобныя мерапрыемствы не абыходзяцца і без прадстаўнікоў мясцовай улады. На гэты раз з цёплымі вітальнымі словамі да абаронцаў Айчыны звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік. Наказ, які можна назваць бацькоўскім, даслаў армейскай моладзі ветэран воінскай часці, прадстаўнік раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Аляксандр Шкрэба.

Родныя і блізкія новага папаўнення таксама з радасцю прынялі ўдзел ва ўрачыстасці. Яны, сведкі аднаго з самых адказных момантаў жыцця сваіх узмужалых і ўсхваляваных сыноў, сяброў, сваякоў і каханых, не маглі стрымаць слёз радасці і гонару за іх. Прысутнасць родных і знаёмых для маладых салдат – заўсёды падтрымка, а матулін наказ – традыцыя, пранесеная праз дзесяцігоддзі. На гэты раз ля мікрафона пабывала Ала Дзяргай. Слова ў адказ трымаў салдат тэрміновай службы Мілан Цімафееў. Божае благаславенне ад святара – таксама неадрыўная частка ўрачыстасці. Айцец Валерый Яроміч, акрамя віншавання, прачытаў малітву за людзей, якім наканавана стаяць на варце мірнага жыцця роднай краіны.   

Святочным днём адбылася сустрэча камандавання часці з бацькамі юных салдат, а новае папаўненне атрымала сваё першае звальненне.

Наперадзе ў вайскоўцаў напружаная баявая вучоба, якая ўключае цэлы комплекс неабходнай падрыхтоўкі. Разам з тым у кожнага з юнакоў будзе магчымасць праявіць творчыя здольнасці, знайсці верных сяброў, навучыцца жыццю ў калектыве і адказнасці за сябе і тых, хто побач.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ