Лясная перамога

Кругозор Общество Ступені поспеху

На мінулым тыдні ў Івянецкім лясніцтве прайшлі раённыя спаборніцтвы вальшчыкаў лесу. Мерапрыемствы штогод ладзяцца Валожынскім лясгасам.

Змагацца за права называцца лепшым у справе, якая патрабуе не толькі фізічнай сілы, але і ведаў у спалучэнні з добра адпрацаванымі навыкамі, прыбылі каманды ў складзе двух чалавек ад васьмі лясніцтваў і лесапункта. Уся праграма была складзена з улікам міжнародных правіл і ўключала пяць практыкаванняў: валка дрэва, раскрыжоўка камбінаваным рэзам, дакладная раскрыжоўка, абразанне галін, замена ланцуга на бензапіле. Падчас іх выканання  суддзямі ацэньваліся дакладнасць, правільнасць  дзеянняў, тэхніка бяспекі.

У кожнай з намінацый вызначаліся пераможцы. Таксама  каманды змагаліся за прызавыя месцы ў камандным заліку. Па выніках спаборніцтваў названы лепшы вальшчык. Ім стаў майстар лесу з Івянецкага лясніцтва Віктар Лукашык. Другое месца ў Аляксея Федаровіча з лесапункта і трэцяе – у Казіміра Адамовіча з Івянецкага лясніцтва. Няцяжка здагадацца, што ў выніку перамагла каманда Івянецкага лясніцтва. Каманда лесапункта стала другой, а на трэцяй пазіцыі замацаваліся вальшчыкі з Вішнеўскага лясніцтва.

Акрамя віншванняў, лідары спаборніцтваў адзначаны грашовымі прэміямі. У свае офісы пераможцы павезлі каштоўныя падарункі, якія, безумоўна, стануць добрымі памочнікамі ў арганізацыі работы структурных падраздзяленняў лясной арганізацыі – камп’ютар, шматфункцыянальнае ўстройства, газонакасілка.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ