Да цялят — дэфіцыт увагі…

Закон и порядок

Фота з сайта agronomu.com выкарыстана ў якасці ілюстрацыі

Пракуратурай Валожынскага раёна сумесна з пракуратурай Мінскай вобласці і Мінскай ветэрынарнай станцыяй праведзена праверка выканання заканадаўства ў сферы жывёлагадоўлі ў сельгаспрадпрыемствах Валожыншчыны. У некаторых арганізацыях выяўлены пэўныя парушэнні ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання і вырошчвання буйной рагатай жывёлы на жывёлагадоўчых комплексах.

У прыватнасці, выяўлены недахоп хатак індывідуальнага вырошчвання. Зафіксаваны неадзінкавыя выпадкі ўтрымання цялят па двое ў такіх хатках, адсутнасць у цялят да двухмесячнага ўзросту вольнага доступу да вады (іх паенне праводзіцца па графіку). Ды і камбікорму КР-1 ім часам недасыпалі.

Акрамя таго, у адной з сельгасарганізацый не былі прыняты своечасовыя меры па вывазе арганічных адходаў. А гэта прамое парушэнне «Санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў для арганізацый, якія ажыццяўляюць вытворчасць малака» і «Гігіенічных патрабаванняў да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў і арганізацый».

Па названых фактах раённая пракуратура ў адрас кіраўнікоў адпаведных суб’ектаў гаспадарання вынесла прадпісанні. Азначаныя парушэнні ўжо ліквідаваны.

У далейшым праверкі і маніторынгі ў сферы жывёлагадоўлі будуць працягнуты.

Інфармацыю да друку падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ