Па міліцэйскіх зводках

Закон и порядок

ВЯЛІКІЯ ДЗЕТКІ – ВЯЛІКІЯ БЕДКІ

За дапамогай у міліцыю звярнулася жыхарка райцэнтра, якая вельмі хвалявалася, што яе дарослы сын другую ноч не начуе дома. На пошукі шмат часу не спатрэбілася, тым больш што месцазнаходжанне ўцекача аказалася недалёка ад дома. Малады мужчына весела бавіў час у кампаніі сабутэльнікаў, а пра тое, што маці хвалюецца, нават і не ўспамінаў.

ЗГУБІЎ “ЗАНАЧКУ” РАЗАМ З “СЕЙФАМ”

Паспехова завяршылася міліцэйская аперацыя, якую прыйшлося распачаць па заяве аднаго пенсіянера. Абышлося, праўда, без вінаватых. Мужчыну напалохала, што невядома куды знік яго пінжак, у якім ён зрабіў схованку для грошай. Пінжак з усім каштоўным змесцівам адшукаўся ў доме пацярпеўшага.

ЗЛАДЗЕЙСКІ РЭЙТЫНГ

Крадзяжы на мінулым тыдні зарэгістраваны ў розных населеных пунктах. Некаторыя з іх раскрыты “па гарачых слядах”. Так, у Бакштах было ўстаноўлена, што да крадзяжу веласіпеда мае дачыненне 49-гадовы мужчына, жыхар Маладзечанскага раёна.

Узбуджаны крымінальныя справы па фактах прапажы цялят з фермаў ААТ “Суднікаўскі” і ААТ “Багданаўскае”.

Распачаты пошукі лаўкача, які з тэрыторыі двара  ПМК-188 вынес формы для адліву каналізацыйных кольцаў.

Вядзецца следства і з выпадку прапажы камп’ютарнай тэхнікі з памяшкання Узбалацкага сельвыканкама.

Зарэгістравана таксама прапажа бензапілы, а ў ААТ “Манькаўшчына” на будаўнічым аб’екце зніклі сілікатныя блокі.

Не абышла бяда бокам і магазін у Вішневе, там з двара ўкралі сметніцу. А вось у Дорскі магазін зладзеі спрабавалі залезці, але не справіліся з сігналізацыяй,  і крымінальны замах пацярпеў фіяска.

ДЗЮШЭС “З ДУШКОМ”

На аўтадарозе Валожын-Маладзечна быў затрыманы легкавы аўтамабіль “Мазда-62”. У багажніку перавозілася вялікая колькасць кандытарскіх вырабаў фабрыкі “Івкон” без суправаджальных дакументаў. Высвятляючы абставіны справы, праваахоўнікі ўстанавілі, што вадзіцель набыў салодкую прадукцыю, тэрмін спажывання якой ужо даўно скончыўся і на якую быў выпісаны акт на знішчэнне. Пратэрмінаваныя цукеркі хутчэй за ўсё прызначаліся на продаж, але, дзякуючы пільнасці міліцыі, сапсаваныя ласункі не змогуць камусьці сапсаваць настрой і, магчыма, здароўе.

РЫБА ШУКАЕ, ДЗЕ ГЛЫБЕЙ, А ГРЫБНІК – ДЗЕ ДАЛЕЙ

У дзяжурную часць РАУС патэлефанавала дачніца з садовага таварыства “Вітамін” і заявіла, што яе сын пайшоў у лес па грыбы і не вярнуўся. Трывожны званок тут жа быў узяты на рэагаванне, але прыступіць да пошукавых мерапрыемстваў так і не давялося – хлопец выбраўся з лесу самастойна.

СКРАЗНЯК НЕ ПРОСТА ТАК

У райцэнтры напярэдадні ацяпляльнага сезона хтосьці разбіў шкло ў акне адной з кватэр. Абураная гаспадыня паведаміла аб учыненым хуліганстве ў міліцыю. Вядзецца следства.

СТРАЛЯЛІ!

Шукала дапамогі ў міліцыі і жыхарка вёскі Харыжы, якую напалохалі паляўнічыя. Як паведаміла жанчына, стрэлы раздаваліся зусім побач з яе домам, чым парушалі спакой. Па факту антыграмадскіх паводзін паляўнічых праводзіцца праверка.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий