Элегантнасць у белым халаце

Люди и судьбы Общество

Менавіта гэтыя словы нараджаюцца ў думках, калі чую імя Ірыны ШОТА. Урач-тэрапеўт з 38-гадовым стажам – сапраўды статная і элегантная жанчына з уласным стылем і бездакорным густам. Ёй пасуе любы ўбор, уключаючы той, у якім часцей за ўсё прымае нас – пацыентаў. Каму Ірына Іосіфаўна ў разгар пандэміі каранавіруса дапамагла справіцца з сімптомамі захворвання, пацвердзяць: нават спецкасцюм, што робіць медыкаў падобнымі да касманаўтаў, не адняў у нашай сённяшняй госці выключнай жаноцкасці.

Напярэдадні прафесійнага свята я папрасіла доктара аб сустрэчы. Як і меркавала, яна ўспрыняла ідэю без энтузіязму. Аднак інтэлігентны чалавек заўсёды з павагай ставіцца да прафесійных абавязкаў іншых людзей. Таму гутарка адбылася. Раю вам, паважаныя чытачы, ацаніць погляды на сямейныя і прафесійныя абавязкі, расстаноўку жыццёвых прыярытэтаў і захапленні аднаго з самых вопытных медыкаў Валожыншчыны.

– Ірына Іосіфаўна, дазвольце Вас павіншаваць з чарговай узнагародай. Мне вядома, што ў спісе медыкаў, чые заслугі адзначаны райвыканкамам, ёсць Ваша прозвішча.

– Я пра гэта таксама чула. Не магу сказаць, што да такіх момантаў стаўлюся з поўным раўнадушшам, але ж упэўнена: калі ўрач працуе дзеля грамат, ён хутчэй за ўсё няправільна выбраў жыццёвы кірунак. Аднак прызнаюся: шчыра ганаруся знакам “Выдатнік аховы здароўя”, які атрымала на з’ездзе тэрапеўтаў гадоў 15 таму. Увогуле ж, для мяне асабіста сам факт атрымання дыплома ўрача стаў найвышэйшай узнагародай. Настолькі сваёй лічу гэту прафесію. А шчырае “дзякуй” ад пацыента кожны раз падмацоўвае маю ўпэўненасць.

– Некаторыя людзі самастойна знаходзяць прызванне. Іншых прызванне знаходзіць само. Вы ў якой групе?

– Я – медык літаральна на генным узроўні, таму нічога шукаць не давялося. Маці, бацька, дзядзька, пляменнікі, муж. Для кожнага з іх медыцына – справа жыцця. Паверце, у мяне нават у раннім дзяцінстве ніводнага разу не ўзнікала ідэі стаць кімсьці апроч урача. Я па-за медыцынай? Такога проста не магло быць! Ужо ў 6 класе выключна сур’ёзна пачала рыхтавацца да паступлення ў інстытут.

– Няўжо ўсё настолькі гладка адбылося?

– Вось гладка якраз і не выйшла. Як залатая медалістка мела права здаваць толькі адзін экзамен. Да таго моманту па традыцыі прафілявала хімія. На яе і налягала. Але за месяц да  экзаменаў прафілюючай абвясцілі фізіку. У мяне з гэтым прадметам адносіны былі не зусім на “ты”. І ўсё ж здала нядрэнна, на чатыры балы. Праўда, такая адзнака прымушала здаваць і хімію, і бялогію, і сачыненне пісаць. Але веды і ўдача былі са мной. Паступіла.

– Звычайна студэнты-медыкі скардзяцца на цяжкасці.

– Тут справа ў матывацыі. Яна ў маім выпадку зашкальвала. Таму  рэальнасць не падалася такой ужо жорсткай. Дапамаглі добрая памяць і прыклад родных. Яшчэ на першым курсе, калі вывучала латынь, запомніла выказванне Гіпакрата: “Медыцына сапраўды ёсць самае высакароднае з усіх мастацтваў”. І зараз упэўнена: ніводнае ўменне непараўнальна з тым, што пазбаўляе чалавека ад пакут.

– Студэнцтву Вы абавязаны яшчэ і асабістым шчасцем…

– Так, сям’ю мы з Мечыславам Станіслававічам стварылі ў час вучобы ў Гродзенскім медінстытуце. І першынка Юля нарадзілася ў той час. Маладая жонка атрымала дыплом раней за мужа (яму давялося ў арміі адслужыць). Таму на першае працоўнае месца паехала з маленькай дачкой. Паколькі хацелася быць бліжэй да дому (я – з Іўя), спынілася на Валожыншчыне. Мне прапанавалі пасаду галоўнага ўрача амбулаторыі ў Залессі, выдзелілі і невялікую кватэру. Што гэта было за жыццё! Я і за тэрапеўта, і за хірурга, і за акушэра-гінеколага, і за педыятра. Выклікі да хворых  – у любы час сутак. І трэба лячыць, больш няма каму.

 – Ніколі б не прымерала на Вас вобраз сельскага медыка.

 – О, я даволі гарманічна ўпісалася ў вясковае жыццё. Прывыкла і да транспарту, на якім за мной прыязджалі. Легкавыя аўтамабілі былі рэдкасцю. Часцей даводзілася імчаць на матацыкле. Маглі выдзеліць грузавую машыну, а большасцю – конную павозку. І нічога. Маладосць у спалучэнні з аптымізмам і апантанасцю прафесіяй дапамаглі. Затое ў пэўным сэнсе пабывала на “перадавой” медыцыны. Дзе б я такую практыку прайшла?

– У выніку выбралі тэрапію…

– Прычым свядома. Яшчэ ў час вучобы адчула: я – выключна тэрапеўт. І ніколі нават на імгненне не сумнявалася ў правільнасці таго выбару.

– Не стаміліся ад пацыентаў? Сярод нас здараюцца даволі капрызныя.

– Калі хворы чалавек нервуецца, гэта зразумела. Мяне толькі адно раздражняе – абыякавасць да ўласнага здароўя. Аднак стараюся да ўсіх ставіцца ўважліва.

– Так разумею, што кіруючыя пасады не цікавілі?

– Не, не і не! Толькі практыкуючы ўрач. Менавіта ў гэтай іпастасі бачыла сябе заўсёды. Як кажуць, кожнаму сваё. У мяне таленту адміністратара няма. Вось весці прыём, нават калі паўсюдна лютуе каранавірус, і колькасць пацыентаў, якім патрэбна твая дапамога, перавышае ўсе нормы, – для мяне і абавязак, і прызваннне, і, не пабаюся гэтага слова, асалода.

– Дарэчы, пра каранавірус. Ён пашырыў гарызонты Вашай практыкі?

 – Яшчэ як! Ніколі б не падумала, што ў наш час давядзецца працаваць ва ўмовах сапраўднай пандэміі. Ганаруся сваімі калегамі. Нягледзячы на тое, што, здавалася б, да падобнага выпрабавання мы не рыхтаваліся, як хутка сабраліся з сіламі, мабілізаваліся і выступілі адзіным фронтам! Самі хварэлі, а працягвалі і працягваем лячыць. Вопыт атрымалі каласальны.  Балюча, канешне, што ёсць страты. Аднак, паверце, іх магло б быць значна больш, каб не прадбачлівасць і адказнасць нашага галоўнага ўрача, яго намеснікаў, інтуіцыя і веды эпідэміёлага Таццяны Турпаковай, прафесіяналізм кожнага медыка, які без лішняга роздуму накіраваўся ў чырвоную зону. Хачу адзначыць і тых, хто, застаўшыся на сваіх месцах, працягваў барацьбу з іншымі захворваннямі. Яны ж з прыходам каранавіруса нікуды не зніклі.

– Вы і Валожын. Як склаўся саюз Ірыны Шота і горада, у якім пражылі больш за 30 гадоў?

– Гэта якраз той выпадак, калі кажуць: няма нічога больш пастаяннага, чым штосьці часовае. Галоўны ўрач Міхаіл Рыгоравіч Грыка, даведаўшыся, што муж плануе спецыялізавацца як неўролаг, адразу запрасіў нас у Валожын. Дарэчы, усе абяцанні ў адносінах да нас кіраўнік выканаў. Спачатку думалі набрацца вопыту і шукаць прэстыжнае месца. Але паступова прыраслі да горада, яго людзей і самі не заўважылі, як сталі валожынцамі. Ужо шмат гадоў жывём ва ўласным доме, дзе нам добра і ўтульна так, як павінна быць дома.

– Ірына Іосіфаўна, скажыце, вольны час жанчыны… Ён увогуле бывае?

– Складанае пытанне. Па-першае, ад чаго вольны? Па-другое, што значыць вольны? Адна дзейнасць дае адпачынак ад іншай. У мяне даволі насычанае жыццё. Усё ж прыём хворых – справа, якая адымае дастаткова сіл. А дома… Тут таксама работы хапае. Люблю парадак, проста ў захапленні ад сваіх раслін, якія саджаем пастаянна. Як і кожная гаспадыня, прыбіраю, мыю, прасую… Так, каб сядзець склаўшы рукі, не бывае. І трэба ж карміць і сябе, і мужчыну.

– Наколькі кіруецеся прынцыпамі здаровага ладу жыцця?

 – Кіруюся, і даволі настойліва. Я – урач, і добра ведаю ўплыў харчавання на функцыянаванне ўсяго арганізма. А ў адносінах да знешнасці, то і тут не трэба сумнявацца – што ясі, так і выглядаеш. Мы не апантаныя “ЗОЖнікі”, але намаганні дзеля захавання здароўя прыкладваем. Фізічная нагрузка – абавязкова. Муж шмат гадоў іграў у валейбол, зараз пераключыўся на настольны тэніс. Я ж аддаю перавагу практыкаванням. Трэнірую сябе сама. Без гэтага нельга. Хочаш як мага даўжэй заставацца маладым – сачы за вагой, выконвай правілы гігіены, спалучай пасіўны і актыўны адпачынак, адмаўляйся ад шкодных звычак. І тады не давядзецца зайздросціць тым, хто ў свае гады выглядае на… свае гады, а не на 70 у 50. Калі памятаеце, пра гэта цудоўна напісаў Уладзімір Маякоўскі: “Нет на свете прекраснее одёжи, чем бронза мускулов и свежесть кожи”.

 – На мой погляд Вы ў цудоўнай форме. І што кідаецца ў вочы, выключна ўдала вытрымліваеце непаўторны стыль.

 – Люблю строгасць і дакладнасць ва ўсім. Нават у адзенні. Лішняя яркасць, авангардызм – не маё. Вось без чаго не ўяўляю свой гардэроб, дык гэта без абцасаў. Яны абавязваюць трымаць постаць.

 – Што дапамагае адпачываць моцна занятай жанчыне?

 – Ад работы – хатнія клопаты, а ад іх – вечар  з кнігай. Я – фанат дэтэктываў. Упэўнена, што хітраспляценні розных інтрыг выклікаюць жаданне іх разгадаць, а гэта – нядрэнная трэніроўка для памяці, уважлівасці і ўмення аналізаваць. Так бы мовіць, прэч ад старасці з дэтэктывам у руках! Люблю і сур’ёзную класічную літаратуру. Не раўнадушная да добрага кіно. Прычым пасля прагляду часта вяртаюся да першакрыніцы – кнігі.

– Што наконт навін?

– Медыцынскія – абавязкова, а іншыя… Магу і абысціся.

– Як ставіцеся да планавання?

– Раней пастаянна складала нейкі план – на заўтра, на месяц, на год… Зараз, калі пасталела, да таго ж яшчэ і пазнаёмілася з COVID-19, дазваляю жыццю каціцца па тых рэйках, якія яно само выбірае. І нават атрымліваю ад гэтага задавальненне. Жыву, працую, радуюся ад зносін са сваёй сям’ёй, сябрамі. У мяне цудоўныя дзеці, нядаўна нарадзіўся ўнук. З мужам мы разам так даўно, што разумеем адзін аднаго без слоў. Можам гутарыць, а можам і памаўчаць. І першае, і другое выходзіць добра. Раней не задумвалася, а цяпер разумею: калі людзі дасягаюць такога ва ўзаемаадносінах, гэта і ёсць партнёрства.

– Каб узнікла неабходнасць самой сабе даць характарыстыку, што б напісалі ў першую чаргу?

– Напэўна, што я аптымістка, якая любіць кветкі і марыць пра тое, каб усе былі здаровымі.

– Але ж у гэтым выпадку Вы б былі пазбаўлены работы…

– Медыцына – важная частка майго жыцця. Але нават цаной страты любімай  прафесіі я хацела б, каб чалавецтва калі-небудзь пазбавілася ад усіх захворванняў.

– Якую параду дасць нашым чытачам доктар Шота?

– Беражыце здароўе, бо, як сцвярджае арабская прымаўка: у каго ёсць здароўе – ёсці і надзея, а ў каго ёсць надзея – ёсць усё.

Гутарыла

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара