Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Не засталіся незаўважанымі рамонтныя работы па вуліцы Савецкай у райцэнтры, якія распачаты 7 чэрвеня. У гэтыя дні вядзецца бягучы рамонт праезнай часткі цэнтральнай вуліцы. Новае асфальтавае пакрыццё на 840-метровым участку камунальнікі плануюць пакласці да канца месяца.

Стары асфальтагранулятар быў выкарыстаны для падсыпкі пясчана-гравійных вуліц у Валожыне – Букштыновіча, Калініна, Юбілейнай і завулка Юбілейнага, іншых.

Апошнія два месяцы адпаведная служба РУП “Валожынскі жылкамунгас” актыўна займаецца заменай свяцільняў вонкавага асвятлення на святлодыёдныя. На бягучы год запланаваны да замены больш за 600 адзінак з выкарыстаннем святлодыёдных свяцільняў і лямп, калі сама свяцільня яшчэ ў добрым выглядзе.

Распачалі замену трэцяй сотні свяцільняў – па вуліцах Леніна, Пушкіна, Шчарбіны, Чапаева, Астроўскага, Камарова і іншых. Таксама вядуцца работы па ўстройстве таршэрнага асвятлення пешаходнай дарожкі ўздоўж СШ № 2, што павінна вельмі ўзрадаваць не толькі школьнікаў, але і людзей, якія пражываюць побач. Самі таршэры ўжо выраблены і на працягу чэрвеня павінны быць устаноўлены.

17 чэрвеня ў Мінскім заапарку ў восьмы раз прайшоў дабрачынны інклюзіўны фестываль “Мы патрэбны адзін аднаму”. Традыцыйна ён сабраў на адной пляцоўцы дзяцей-інвалідаў, маладых інвалідаў, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, бацькоў і здаровых дзяцей, валанцёраў. У гэты дзень, як ніколі, у заапарку было шумна і весела. Для гасцей падрыхтавалі вялікую і разнастайную праграму.

 Пабываць на фестывалі, паўдзельнічаць у конкурсах, майстар-класах, гульнях, паглядзець канцэрт артыстаў беларускай эстрады мелі магчымасць і больш за 100 прадстаўнікоў Валожыншчыны. Значную арганізацыйную работу правёў старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў В. А. Субач. Надоўга запомніцца сам фестываль, зносіны з сабакамі-тэрапеўтамі ад цэнтра каністэрапіі “КОРСА”, кантактны заапарк, падарункі і сюрпрызы ад спонсараў выхаванцам Івянецкага дома-інтэрната, наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання і іншым жыхарам нашага раёна.

Жыхары раёна змаглі на мінулым тыдні на працягу двух дзён пабываць на ХХ Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2021”. Такую магчымасць ім прадаставілі многія прафсаюзныя арганізацыі.

 Бадай што самай прадстаўнічай была дэлегацыя педагагічных работнікаў, якім білеты аплаціў Мінскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У першы дзень і на заключным гала-канцэрце пабывалі 55 чалавек з СШ № 1, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Пугачоўскага, Багданаўскага, Гародзькаўскага, Пяршайскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Таксама на фестывальных мерапрыемствах прысутнічалі члены прафсаюзных арганізацый АПК, лясгаса, райаграпрамтэхнікі, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ліцэя і іншых арганізацый.

Работнікі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” правялі два туры з удзелам расійскіх паляўнічых: 28-30 мая і 12-14 чэрвеня.

У гэты час года дазвалялася паляваць толькі на трафейных самцоў казулі. Гасцям надзвычай пашчасціла. У выніку трафеямі трох расійскіх паляўнічых сталі 8 самцоў.

14 чэрвеня ў Налібоцкую пушчу наведаліся 30 дзяцей дыпламатычных работнікаў, чые бацькі акрэдытаваны ў нашай краіне. Усе яны вучацца ў прыватнай сярэдняй школе ў Мінску.

Работнікі заказніка арганізавалі для школьнікаў цікавую экскурсію на экалагічную сцяжынку “Сябрыньскае скрыжаванне”, тарпанападобных конікаў змаглі ўбачыць не толькі ў бінокль. Некаторыя з іх упершыню бачылі беларускую прыроду і яе насельнікаў, задавалі шмат пытанняў спецыялісту Ларысе Кулак, якая ў той дзень іх апякала. А гаспадары аграсядзібы “Домік на Іслачы” Таццяна і Дзмітрый Шчогалевы пачаставалі гасцей смачным абедам.